ПАКРЫВАЛЬШЧЫКІ ЗЛАЧЫНЦАЎ

2 траўня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” публікуе артыкул пад тытулам “Новае, спакойнае жыцьцё тэрарыстаў”. Расказваецца пра лёс адной з тэрарыстак левай баявой групоўкі “Фракцыя Чырвонай Арміі” (RAF), якая нарабіла шмат бяды ў Заходняй Нямеччыне ў 1970-80-х гадах. Сюзана Альбрэхт удзельнічала ў некалькіх тэрактах. У 1977 г. тэрарысты выкарысталі яе ў якасьці “нажыўкі”. Сямья Альбрэхт сябравала з сямьёй дырэктара “Dresdner Bank” Юргена Понта. Сюзана пазваніла ў дзьверы ягонага дома і гукнула: “Гэта я, дзядзька Юрген”. А калі банкір зьявіўся на парозе, сябручкі расстралялі яго. Потым Сюзана ўдзельнічала ў няўдалай спробе замаху на генсека НАТО ў Нідэрляндах і некалькіх іншых справах. Урэшце яна ўцякла ў ГДР пад прыкрыцьцё Штазі.

Усходненямецкае гэбэ пасяліла яе ў Котбусе, дала пашпарт на новае імя. Але ў 1990 годзе пільны сусед апазнаў Сюзану, паглядзеўшы дакумэнтальны фільм пра дзейнасьць тэрарыстаў. Яе арыштавалі і засудзілі на 12 гадоў турмы. Цяпер Сюзана Альбрэхт жыве ў Брэмэне, працуе настаўніцай у малодшых класах школы. Яна зьвярнулася ў суд з патрабаваньнем, каб ніхто не бянтэжыў яе, не абзываў тэрарысткай і ня згадваў былых справаў. Яе падтрымаў сэнатар ад Брэмэна Лемкэ, сказаў: “Гэта добра, што яна рэсацыялізавалася...” Польская газэта робіць з усяго адэкватную выснову: Нямеччына дагэтуль па-сапраўднаму не разабралася з фашыстоўскай мінуўшчынай, з мінуўшчынай ГДР і са сваімі тэрарыстамі.

Наш камэнтар: Зразумела і беларусам, чаму цяперашняя Нямеччына працягвае ў хаўрусе з Масквой антыбеларускую палітыку, чаму дзяржаўныя прадстаўнікі ФРГ рэгулярна робяць антыбеларускія заявы. Жыве традыцыя. Чаму можа навучыць малодшых школьнікаў тэрарыстка з RAF, арганізацыі, што была створана і дзейнічала пад кіраўніцтвам КГБ СССР. Былыя тэрарысты нават судзяцца на тэму “чысьціні свайго імя”. І гэтая краіна дамінуе ў Эўразьвязе, хоча камандваць усім кантынэнтам, дзяліць народы з “другом Путіным”, якога немцы сэнтымэнтальна ўспамінаюць па дрэздэнскай рэзідэнтуры Лубянкі.

Янка Базыль