УПЭЎНЕНАЯ УКРАІНА

2 траўня 2007 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” публікуе артыкул пад тытулам “Узмацняецца палітычны хаос ва Украіне”. Журналіст паведамляе, як апошнімі днямі януковічцы ў Вярхоўнай Радзе прызначылі парляманцкія і прэзыдэнцкія выбары на сёлетні сьнежань, а прэзыдэнт Юшчанка прызначыў парляманцкія выбары на сёлетні чэрвень. З гэтага швайцарац зрабіў выснову: “Насельніцтва, якое мае досыць непараўнальнай грызьні сваіх палітыкаў, здаецца, усё глыбей упадае ў цынізм”. Уражаньні пра “цынізм” былі выкліканы ў швайцарскіх мазгах фактам масава няўдзелу ўкраінцаў у маніфэстацыях на 1 мая. Газэта паведамляе, што маніфэставалі ў асноўным вэтэраны, а таксама іншыя грамадзяне ў Кіеве, Запарожжы, Данецку і асабліва масава ў Крыме, дзе “руская большасьць”.

Наш камэнтар: Цікавая публіка — заходнія журналісты. У 1932-33 гадах пад канвоем “ребят” з НКВД іх вазілі па Украіне. Вярнуўшыся дадому, яны ярка расказвалі пра “посьпехі народнай гаспадаркі і шчасьце савецкіх людзей”. Калі іх пыталіся пра Галадамор ва Украіне і гібель мільёнаў людзей, яны адказвалі з усьмешачкай: “О, ніякага голаду мы не заўважылі. Нам наладжвалі такія банкеты!”

Сёньняшні швайцарскі газэтчык забыўся паведаміць чытачам, што прэзыдэнт Юшчанка распусьціў Вярхоўную Раду і зрабіў гэта ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй. Што януковічцы, такім чынам, могуць прагаласаваць хоць за далучэньне Украіны да Зімбабвэ, але іхнае галасаваньне ня мае юрыдычнай сілы. Зразумела, што для заходніка, які сумуе па сэнсацыях, навядзеньне канстытуцыйнага парадку ў краіне здаецца “хаосам”. А вось самым украінцам так не здаецца.

Украінскія патрыёты не выказваюць асаблівага неспакою з нагоды маханьня януковіцкімі сьцягамі ў сталіцы і ў некаторых усходніх правінцыях. Яны ўпэўненыя, што украінская ўлада, украінская паліцыя, спэцслужбы і армія абароняць Закон і дзяржаву ад “русскоязычных” крыкуноў (так жа сама, як упэўнены ў гэтым эстонскія патрыёты). Таму няма патрэбы цяпер у мільённых мітынгах у Эстоніі і ва Украіне. Настаў новы гістарычны пэрыяд у разьвіцьці гэтых народаў: ім, а не “русскоязычным” належыць дзяржава. Толькі гэтага яшчэ не заўважыў швайцарац і многія іншыя, што жывуць савецкімі акупацыйнымі стэрэатыпамі. Адзін з гэтых стэрэатыпаў — “красный Первомай”. Для ўкраінцаў гэты чырвоны дзень асацыюецца з бальшавіцкай мінуўшчынай і бальшавіцкай пагрозай. Яны проста ня хочуць маніфэставаць у гэты дзень. Вось і застаўся “Первомай” атавістычным сьвятам для згаданых вэтэранаў і “русскоязычных” (ды ў галовах швайцарскіх “пісацеляў”). Няхай пацешацца.

Валеры Буйвал