РУСКІМІ ПРАВАКАЦЫЯМІ Ў ЭСТОНІІ КІРУЮЦЬ З АДМІНІСТРАЦЫІ ПУЦІНА

Міністар замежных справаў Эстоніі Урмас Паэт заявіў, што Эстонія, а разам зь ёю і ўвесь Эўрапейскі Зьвяз апынуліся пад атакаю з боку Расеі. Паводле міністра, гаворка ідзе менавіта пра напад, бо чыняцца хакерскія атакі на ўрадавыя сайты Эстоніі, блякуецца пасольства Эстоніі ў Маскве, правакуецца грамадзянскае непадпарадкаваньне.

“Паводле IP-адрасоў выяўлена, што напады кібэртэрарыстаў на інтэрнэт-сайты эстонскіх урадавых установаў і канцылярыі прэзыдэнта былі ўчыненыя з канкрэтных кампутараў, якія належаць асобам у расейскіх урадавых установах, улучна з адміністрацыяй прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі”, — заявіў заявіў Урмас Паэт.

У сувязі з аблогаю пасольства Эстоніі ў Маскве эстонскі бок абвінаваціў Расею ў парушэньні Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных дачыненьнях.

“Лічым неабходным, — заявіў міністар замежных справаў Эстоніі, — каб Эўрапейскі Зьвяз адрэагаваў на паводзіны Масквы з максымальнай цьвёрдасьцю. Гэта можа азначаць або спыненьне перамоваў паміж Эўразьвязам і Расеяй або адмову іх распачаць. Трэба сур'ёзна ўзважыць магчымасьць адкладу саміту Эўразьвяз-Расея”.

Эўрапейскі Зьвяз заклікаў сёньня расейскія ўлады прытрымлівацца Венскай канвэнцыі і забясьпечыць нармальную працу эстонскага пасольства ў Маскве. Тым часам актывісты пракрамлёўскага руху “Нашы” спрабавалі перашкодзіць паслу Эстоніі ў Расеі Марыне Кальюранд правесьці ў Маскве прэсавую канфэрэнцыю.

Эстонская амбасадарка абвінаваціла расейскія ўлады ў нежаданьні весьці з Эстоніяй адкрыты, празрысты дыялёг на роўных:

“Мы гатовыя да дыялёгу з усімі, калі гэты дыялёг вядзецца цывілізавана. З тымі ж, хто раве, крычыць і нападае, мы гаварыць ня будзем”.

Учора консульскі аддзел пасольства Эстоніі ў Маскве прыпыніў працу.

Таксама сталі вядомыя некаторыя дэталі сьледзтва з факту гібелі ў Таліне ў часе непарадкаў на мінулым тыдні грамадзяніна Расеі Дзьмітрыя Ганіна. Прычынаю сьмерці сталі нажавыя раны, атрыманыя 20-гадовым Ганіным падчас бойкі з марадэрамі, якія рабавалі краму. Паводле эстонскай паліцыі, у кішэнях вопраткі забітага грамадзяніна Расеі былі знойдзеныя скрадзеныя тавары.

На цяперашні момант абвінавачаньні ў арганізацыі забурэньняў у Таліне выстаўленыя 60 затрыманым. Каля паловы зь іх — грамадзяне Эстоніі, яшчэ амаль палова — “асобы без грамадзянства”, а таксама па адным грамадзяніну Расеі і Літвы.

Улады Таліну паведамілі, што цяпер адбываецца працэс ідэнтыфікацыі парэшткаў 12 савецкіх салдатаў, эксгумаваных на Тынісмягі.

Пасьля ідэнтыфікацыі ўсе зьвесткі будуць перададзеныя ў Чырвоны Крыж і пасольства Расеі ў Эстоніі. Паводле прэсавага сакратара Міністэрства абароны Эстоніі Мадыса Міка, калі спэцыялістам удасца ідэнтыфікаваць парэшткі, сваякі палеглых салдатаў змогуць весьці перамовы аб адпраўленьні гэтых парэштак на радзіму.

(Паводле радыё Свабода; скарочана)