АГОНЬ І ПОЛЫМЯ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ

5 траўня 2007 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” паведамляе пра ўрачыстасьці, што адбыліся з нагоды ўгодкаў вызваленьня Даніі ад нямецкай акупацыі (4 траўня 1945 г.). У мястэчку Міндэлундэн каля Капэнгагена сабраліся тысячы людзей. У гэтым месцы ў 1940-45 гг. немцы растрэльвалі дацкіх патрыётаў-антыфашыстаў. Напярэдадні мерапрыемстваў вучні мясцовай школы ўпарадкавалі могілкі, упрыгожылі надмагільныя помнікі кветкамі. Прысутнічалі прадстаўнікі ўладаў, вэтэраны Супраціву, нашчадкі герояў, шмат моладзі. У выступах згадваліся імёны і лёсы датчанаў, якія змагаліся ў падпольлі, на дацкіх караблях і ў вайсковых частках, што далучыліся да антыгітлераўскай кааліцыі. Сотні датчанаў загінулі ў нямецкіх канцлягярох і на прымусовай працы ў Нямеччыне. Людзі сьпявалі рэлігійныя і патрыятычныя гімны.

Наш камэнтар: Беларусы пакутвалі разам з датчанамі ў нямецкім канцлягеры Штутгоф на поўначы Польшчы. Але і тады нашы людзі маглі ўбачыць розьніцу народных лёсаў. Дацкія (а таксама з іншых “капіталістычных” краінаў) вязьні рэгулярна атрымлівалі харчовыя і мэдычныя пасылкі ад “Чырвонага Крыжа”, маглі перапісвацца са сваімі сем'ямі. Данія падпісала адпаведныя міжнародныя пагадненьні ў справе адносінаў да палонных і вязьняў. Сталін, як вядома, нічога не падпісаў і называў ўсіх палонных “предателямі родіны”. Для адных вязьняў у траўні 1945 г. настала сапраўднае вызваленьне. А для падсавецкіх людзей — новае кола пекла, гэтым разам у ГУЛАГу. Беларусы ўспамінаюць, як яны пабеглі насустрач чырвонармейцам, што першымі ўвайшлі на тэрыторыю Штутгофа. Замест праяваў прыязьні і радасьці беларусы сустрэлі нянавісьць і новы канвой. Грузінскія ахоўнікі з НКВД пагналі нашых людзей калёнамі ў бок СССР. Каля калёнаў праязджалі на аўтамашынах у бок сваёй радзімы вызваленыя з палону датчане, галандцы, чэхі, палякі, грэкі, французы... Усе з нацыянальнымі сьцягамі, з вясёлымі песьнямі. Па начах гэбэшнікі катавалі нашых людзей, патрабуючы падпісаць паперы, што яны “служылі фашыстам”. Тых, хто адмаўляўся, растрэльвалі. Наперадзе былі доўгія гады зьдзекаў, катаваньняў, а для многіх і сьмерць у савецкіх канцлягярох.

Расейскі гэбізм і ягоныя мясцовыя паслугачы зноў праслаўляюць сталінізм, КПСС і “славные органы”. Яны будуюць дзяржаўнае жыцьцё на антычалавечай традыцыі расейскага фашызму. Памятаючы пакуты бацькоў і дзядоў, беларусы павінны выклясьці маскоўскіх сатаністаў і гнаць іх са сваёй зямлі.

Юрка Марозаў