ІМПЭРСКІЯ МЭТАДЫ

4 траўня 2007 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” паведамляе з Паўночнай Ірляндыі, акупаванай Брытаніяй. У сувязі са стварэньнем сумеснага каталіцка-пратэстанцкага ўраду Паўночнай Ірляндыі прабрытанская пратэстанцкая баявая групоўка “Сілы дабраахвотнікаў Ольстэра” (UVF) заявіла аб пераходзе ад узброеных мэтадаў барацьбы на палітычныя мэтады. Такім чынам, апошняя з падпольных арганізацыяў-удзельніц узброенага змаганьня ў Ольстэры складае зброю. Яшчэ два гады таму апошнія каталіцкія групоўкі, якія змагаліся за вызваленьне Ольстэра ад брытанцаў, адмовіліся ад узброенай барацьбы.

Наш камэнтар: На працягу чатырох дзесяцігоддзяў працягваецца народная драма ў Паўночнай Ірляндыі. У 1968 г. патрыёты адзінай Ірляндыі пачалі магутныя выступы ў акупаваных брытанцамі графствах Ольстэра за дэкалянізацыю і ўзьяднаньне з незалежнай Ірляндская рэспублікай (якая вызвалілася яшчэ ў 1922 г.). Пратэстанцкая абшчына (прыхільнікі брытанскай імпэрыі) была зусім разгублена і не магла супрацьпаставіць патрыётам нічога. Але пакуль у незалежнай Ірляндыі чухаліся і вялі “круглыя сталы” мясцовыя эўрапалітыкі, брытанскія спэцслужбы панастваралі ў Ольстэры баявых прабрытанскіх груповак з розных “дабраахвотнікаў” і расцягнулі канфлікт на дзесяцігоддзі. Дублінскія мілінкевічы і вінцучкі правалілі справу вызваленьня. На Беларусі гэбэ ў адкрытую (з расклейкай у гарадах рэклямных аб'яваў з дакладнымі адрасамі) вядзе фармаваньне і баявую падрыхтоўку антыбеларускіх груповак “дабраахвотнікаў-аматараў” на тэрыторыі вайсковых частак беларускай арміі, а таксама розных “спортівно-патріотіческіх центров для детей 9-15 лет”. Мы пісалі пра гэта на старонцы pbpf.org. Пра гэта маўчаць менскія гутаперчавыя. Прамаскоўская псэўдаапазыцыя ўшчыльную занята наладжваньнем “збліжэньня з рэжымам, які пачаў дэмакратызавацца”. Вельмі небясьпечнай ёсьць дзейнасьць гэтай псэўдаапазыцыйнай публікі.

Юрка Марозаў