БЕЛАРУСЬ УСЁ Ж НЯ ВЫСПА, АЛЕ...

4 траўня 2007 г. Гішпанская газэта “ABC” паведамляе з Кубы. Трое маладых жаўнераў з боем вырваліся з гарнізона Манагуа, што каля Гаваны. Яны захапілі рэйсавы аўтобус і, прыкрываючыся ўзятым ў палон палкоўнікам, прыехалі ў сталічны аэрапорт. Там яны паспрабавалі захапіць пасажырскі самалёт, каб уцячы ў ЗША. Паліцыя штурмавала самалёт. Адзін з жаўнераў загінуў, двух схапілі.

Наш камэнтар: Такія выпадкі здараюцца на Кубе рэгулярна. Толькі за апошнія гады кубінцы захапілі некалькі дзясяткаў пасажырскіх самалётаў, спрабуючы пакінуць “востраў свабоды”. Трое зь іх былі растраляныя па прысуду гаванскага трыбунала. Кубінская моладзь мае досыць марксістоўскага рэжыму, які адгарадзіў краіну ад усяго цывілізаванага сьвету і давёў народ да галечы. Маладыя рызыкуюць жыцьцём, ідуць на злачынствы, каб толькі вырвацца з краіны дэмагогіі і хлусьні. Успомнім, што многія ў Эўропе параўноўваюць нашу Беларусь з кастраўскай Кубай. Пакуль што, аднак, ізаляцыя і галеча не дасягнулі ў нашай краіне такіх жудасных формаў, як на Кубе (Беларусь усё ж ня выспа). Але відавочна, што працэсы падпарадкаваньня Беларусі маскоўскай цемрашальскай імпэрыі ідуць менавіта ў накірунку поўнай ізаляцыі ад цывілізаванага сьвету і поўнага маразму. Так што ня прыйдзецца маладым беларусам вечна езьдзіць на заробкі ў Амэрыку (што цяпер пакуль робяць найбольш прадпрыймальныя з іх). Трэба было б задумацца над бліжэйшай будучыняй тым з маладых, хто спрабуе пражыць сёньняшнім днём і ні пра што не думаць. Трэба задумацца тым, хто не бароніць ад ворага нашу Дзяржаву і не супраціўляецца русіфікацыі.

Юрка Марозаў