МАСКОЎСКІЯ ДАМОВЫ Ў АЗІІ

12 траўня 2007 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” напісала: “Эўропа апынулася між тымі, хто прайграў бітву за газ з Цэнтральнай Азіі пасьля таго, як Расея дасягнула дамоўленасьці з Туркмэністанам і Казахстанам аб газаправодзе вакол Касьпійскага мора”. У выніку Расея захавае сваё дамінуючае становішча ў гэтым рэгіёне і ў справе гандлю энэрганосьбітамі. Пуцін і прэзыдэнты Казахстану і Туркмэністану дамовілі аб падпісаньні адпаведнага пагадненьня ў верасьні сёлета.

Наш камэнтар: Вельмі сымвалічна, што Пуцін дамовіўся пра гэта ў горадзе Туркмэн-башы (былы Краснаводск) на беразе Касьпія. Лубянец выглядаў вясёлым і задаволеным. Не дарма летась ягоныя людзі “залагодзілі” няўступлівага нацыяналіста Туркмэн-башу, які быў пачаў будаваць самастойную дзяржаўную палітыку. Туркмэнскі дыктатар тэрмінова захварэў і памёр, а ягонае месца заняў верны васал Крамля Бэрдымухамэдаў. Цяпер Расея будзе вырашаць, каму пускаць газы, а каму не. Падобна, што датчане і іншыя эўрапейцы ўсур'ёз занепакоены гэтымі азіяцкімі заваёвамі Масквы. Заадно Пуцін набірае козыры для свайго незаконнага трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Трэба чакаць, што, як пры Іване Жахлівым, перад ім будуць кленчыць шматтысячныя натоўпы, плакаць і галёкаць: “Батюшка, не покидай нас, сирых. Останься на царстве! Челом бьём!”

Валеры Буйвал