УГОДКІ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

15 траўня 2007 г. Румынская газэта “Adevarul” паведамляе з Індыі. Па ўсёй краіне адбываюцца мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар 150-годдзя пачатку антыкаляніяльнага паўстаньня. Прэзыдэнт Індыі Манмахан Сінгх сказаў на ўрачыстасьцях у Дэлі: “Нашая вайна за незалежнасьць вялася на аснове адзінства ў разнастайнасьці...” У траўні 1857 г. сіпаі (вайсковыя часткі, сфармаваныя брытанскімі калянізатарамі з мясцовага насельніцтва) штурмавалі каралеўскі палац у Дэлі і пачалі зьнішчаць акупантаў. Прэтэкстам для паўстаньня паслужыў здавалася б нязначны эпізод. Англічане прыслалі сіпаям патроны, пыжы якіх былі нашмараваны каровіным і сьвіным тлушчам (для індусаў карова — сьяшчэнная, а для мусульманаў сьвіньня — нячыстая жывёліна). Але выбух народнага пратэсту адбыўся зусім не выпадкова. Цяперашнія дзяржаўныя ўрачыстасьці пачаліся ў Баракпуры на месцы, дзе 29 сакавіка 1857 г. сіпайскі жаўнер Мангал Пандэй (якога індзійцы шануюць як нацыянальнага героя) першым адкрыў агонь па ангельскіх жаўнерах, якія зьняважылі ягоную годнасьць. Паўстанцы зьнішчылі дзесяткі тысячаў акупантаў. Брытанскія войскі жорстка падавілі паўстаньне. Індыя перайшла пад непасрэднае кіраваньне брытанскай кароны.

Наш камэнтар: 150 гадоў таму Брытанія была ў шоку. У 18 стагоддзі імпэрыя захапіла агромністы Індастанскі субкантынэнт сіламі некалькіх сотняў рэгулярных брытанскіх вайскоўцаў. Калянізатары хватка выкарысталі палітычную, нацыянальную і рэлігійную раздробленасьць народаў Індыі і на фоне народнай пасіўнасьці зьдзейсьнілі захоп. Лёгкасьць здабычы пераканала акупантаў у тым, што яны могуць куражыцца і зьневажаць чалавечую і нацыянальную годнасьць людзей на іхнай зямлі. Але настаў момант і безьліч акупантаў паплаціліся жыцьцём за свае злачынствы і зьдзекі. Прысланая з Брытаніі армія ледзь дала рады з вяртаньнем Індыі ў імпэрыю. Але ў 1947 годзе скончылася панаваньне калянізатараў і на субкантынэнце паўсталі незалежныя дзяржавы. Цярпеньне і пасіўнасьць народу калі-небудзь канчаецца. І тады гора акупантам і іхным паслугачам. Гэтаму вучыць людзей гісторыя.

Валеры Буйвал