ФОТАФАЛЬШЫЎКІ

17 траўня 2007 г. Партугальская газэта “Expresso” піша пра фальшывыя, скамбінаваныя здымкі ў інтэрнэце. Адна з самых знакамітых фальшывак пасьпела заваяваць вялікую папулярнасьць і ўсхваляваць мільёны людзей па ўсім сьвеце. Гэта здымак безыменнага турыста на глядзельнай пляцоўцы на даху аднаго з хмарачосаў у Нью Ёрку, разбомбленага тэрарыстамі 11 верасьня 2001 г. Турыста нібыта сфатаграфавалі за імгненьне да таго, як самалёт ударыць у хмарачос (на фоне бачна, як самалёт набліжаецца да будынка за плячыма турыста). Аднак, вельмі проста высьветлілася, што гэта — мантаж. На фальшывым здымку паказаны Боінг-757 (у сапраўднасьці хмарачос пратараніў Боінг-767). І трагедыя адбылася за паўгадзіны да таго, як глядзельная пляцоўка адчыняецца для турыстаў. Безьліч фальшывак гуляе па сеціву. Вельмі папулярным спосабам набыць грошы стала распаўсюджваньне жулікамі заклікаў аб гуманітарнай дапамозе хворым дзецям з драматычнымі здымкамі.

Наш камэнтар: У сучаснай беларускай палітыцы таксама ёсьць прыклады фотафальшывак. Памятаеце знакаміты плякат пра “пераможнага прэзыдэнта і народ”, распаўсюджаны ў Беларусі ў 1994 годзе. Вясёлы Лукашэнка стаіць на фоне людской масы, якая нібыта вітае яго. Дык вось, некаторыя патрыёты-фронтаўцы пазналі сябе сярод гэтай “лукашысцкай масы”. А калі ўглядзецца ўважліва, то на пінжаку аднаго з “лукашыстаў” бачны бел-чырвона-белы значак. Не знайшоўшы аніводнага здымку з прыстойнай масоўкай вакол “народнага прэзыдэнта”, зрабілі цынічны мантаж, наклаўшы выяву крамлёўскай крэатуры на іншы здымак з патрыятычнай фронтаўскай маніфэстацыі.

Эстафэту падману падхапіла грантаўская псэўдаапазыцыя. Часьцей за ўсё гэтая публіка не абцяжарвае сабе лабараторным мантажом і іншымі фармальнымі прыёмчыкамі. Яны проста прысабечваюць акцыі і мерапрыемствы, якія праводзяць беларускія патрыёты-фронтаўцы, і падаюць іх у сусьветную інфармацыйную прастору, а таксама сваім грантадаўцам як узоры сваёй гераічнай дзейнасьці. Нахабная хлусьня і подлая падмена фактаў даўно ўжо зрабіліся прыкметай псэўдаапазыцыйнай фотагалерэі. На фоне Бел-Чырвона-Белага Сьцяга любяць здымацца і ікамэнтаваць сябе як палымяных патрыётаў такія кадры, як Мілінкевіч, Лебедько і нават акупанцкі генэрал Фралоў. Гэта тыя дзеячы, якія некалькі разоў спрабавалі (беспасьпяхова) замяніць сьвятыя гістарычныя сымвалы беларускага народу пустышкамі кшталту джынсовых парцянак на дручку і папяровых бусьлікаў, васількоў і будыйскага сонца. Яны фатаграфуюцца ў амплуа народных лідэраў пасярод групаў ашуканай імі моладзі. Паглядзіць чалавек на Захадзе на такі здымак і падумае: “Як сьмела, як імпэтна вядуць гэтыя лідэры маладых людзей”. Яму і не здагадацца, што на самай справе падстаўныя квазі-рэвалюцыянеры вядуць маладых з цэнтру сталіцы на ганебны бангалёрскі сабачнік, каб “поговоріть о демократіі”. Што такім чынам яны набываюць лоск “дысыдэнтаў са стажам”. Толькі фотапрайдзісьветы павінны ведаць, што хлусьня не жыве вечна і перасоўваецца на кароткіх ножках.

Юрка Марозаў