ВІЦЕБСК: МІРОН ВЫВЕСІЎ СЬЦЯГ ДА ГАДАВІНЫ СЬМЕРЦІ ЎЛАДЗІМЕРА ПЛЕШЧАНКІ
Старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда распавёў журналістам, што з крыніц, вартых даверу, яму вядомы зьмест цыдулкі, якую легендарны Мірон прымацаваў да нацыянальнага сымбалю.
Мне стала вядома, што на рагу вуліц Праўды і Церашковай на высакавольтнай лініі пад напругай 110 тысяч вольт зьявіўся бел-чырвон-белы сьцяг. Да яго прымацавана цыдулка з наступным тэкстам: Да гадавіны сьмерці Ўладзімера Плешчанкі. Вечная памяць герою! Подпіс: Мірон. Я мяркую, гэтае месца для сьцяга было выбрана невыпадкова: Уладзімер Плешчанка шмат гадоў пражыў на вуліцы Церашковай. І я думаю, што з цягам часу гэтая вуліца будзе перайменаваная ў вуліцу імя Ўладзімера Плешчанкі.
Cтаршыня Віцебскай абласной рады Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Плешчанка раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу летась 20-га траўня. Ягонае сэрца спынілася на 58-м годзе жыцьця, проста ў двары бацькоўскае хаты ў вёсцы Вароны Віцебскага раёну. Яго пахавалі на кладах у суседняй вёсцы Друкава.
Сёньня там адбываецца адкрыцьцё надмагільнага поніка вядомаму віцебскаму апазыцыянэру. Эскіз помніка зрабіў сябра сойму КХП БНФ мастак Ян Таўпыга, а грошы на яго сабралі сябры і аднадумцы Ўладзімера Плешчанкі.
(Радыё Свабода)