НОВЫЯ МЭТАДЫ ДЫСКРЭДЫТАЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ

19-20 траўня прамаскоўская ўлады “міласьціва” арганізавалі “рыцарскі фэст” у Лідзе. Па многіх гарадах краіны былі расклеены рэклямныя плякаты, СМІ заклікалі далучацца. Аднак, шмат людзей вярнуліся з гэтага афіцыйнага мерапрыемства расчараванымі і раздражнёнымі. Сам фэст (рыцарскі турнір і інш.) праводзіўся ў мурах Лідзкага замку. Туды запусьцілі частку людзей, а тысячам астатніх заявілі, што “больш няма білетаў”. Вядома, што калі такія імпрэзы арганізоўваюцца ў цывілізаваных краінах, то робіцца гэта альбо на адкрытых палях перад замкамі (каб бачылі ўсе), альбо ў некалькі актаў для ўсіх жадаючых. На тое і ёсьць масавыя мерапрыемствы (за якія часьцей за ўсё гледачы ня плацяць).

Гэта ня першы такі прыкры інцыдэнт. Усе былі зьдзіўлены, калі рэжым дазволіў правядзеньне выставы мастацкага аб'яднаньня “Пагоня” ў сталічнай выставачнай залі Саюза мастакоў 25 сакавіка сёлета. Папярэдне таксама давалася інфармацыя пра адкрыцьцё выставы. А калі сотні людзей (у асноўным патрыёты, якія хацелі падтрымаць мастакоў “Пагоні”) прышлі да Палаца мастацтва, то іх сустрэла агрэсіўная ахова ў цывільным. “Цывільныя” адштурхвалі людзей, патрабавалі плаціць за ўваход і запускалі наведвальнікаў толькі па спэцзапрашэньнях (ва ўсім сьвеце ўваход на вернісаж — адкрыцьцё выставы — бясплатны).

Мастакі арганізавалі “індывідуальны запуск у Палац” для сваіх знаёмых. А вось больш рашучыя мастакі-патрыёты зрабілі б інакш. Яны б запатрабавалі у прадстаўнікоў рэжыму свабоднага доступу людзей на выставу. А калі б дзяржыморды не пагадзіліся, то самы запрасілі б народ. Альбо нават зьнялі б некаторыя свае працы і арганізвалі б выставу на прыступках палацу. Шмат ёсьць варыянтаў супроцьстаяць зьнявагам і гвалту. Аднак супраціву, відаць, нехапіла.

На фоне шалёнай русіфікацыі рэжым ня можа сябе дазволіць поўнай забароны беларускіх культурніцкіх мерапрыемстваў. Але гэбоўскі рэжым пачаў карыстацца больш хітрымі мэтадамі дыскрэдытацыі беларускай культуры. У душах тысячаў людзей пасьля сутыкненьня з такімі правакацыямі застаецца горыч і раздражненьне. На жаль, мы бачым, як некаторыя былыя аўтарытэты нацыянальнай культуры (якраз тыя, хто зьвязаўся з вінцучкамі-мілінкевічамі) спакойна пачуваюцца ў гэтай разбуральнай стыхіі.

Янка Базыль