НЕМЦЫ ХОЧУЦЬ РЭАБІЛІТАВАЦЬ ВЭРМАХТ

31 траўня 2007 г. Нямецкая газэта “Die Zeit” друкуе вялікі матар'ял, прысьвечаны помнікам жаўнерам вэрмахту. Агляд прысьвечаны спробе некаторых (неназваных) нямецкіх колаў стварыць сучасны мэмарыял памяці нямецкіх жаўнераў ХХ стагоддзя. Газэта нагадвае, што ў сучаснай Эўропе помнікі жаўнерам зьявіліся толькі ў часы Вялікай Французкай рэвалюцыі. Дагэтуль помнікі ставілі толькі генэралам. У 18 ст. усталяваўся інстытут мабілізацыі (закліку) у нацыянальныя арміі шэрагу краінаў. Жаўнеры-грамадзяне замянілі сабой былых наёмных ваяроў. Менавіта такая нямецкая і такая французкая арміі сутыкнуліся ў войнах часоў Французкай рэвалюцыі. Тады і ўзьніклі першыя помнікі, прысьвечаныя жаўнерскай славе. Найвялікшым нямецкім помнікам гэтага жанру ёсьць Помнік Лейпцыгскай Бітве Народаў 1813 года, пабудаваны ў 1913 годзе. Далей аўтары артыкула разглядаюць помнік савецкім жаўнерам у Трэптаў-парку ў Берліне. Потым нагадваюць, што адзіным помнікам нямецкім вайскоўцам, дзе ня трэба “маральных агаворак” зьяўляецца помнік у Бэндлерблёку ў Берліне, прысьвечаны афіцэрам, якія паўсталі супраць Гітлера ў ліпені 1944 г. і былі растраляныя. Ёсьць таксама невялікія помнікі загінуўшым нямецкім жаўнерам міжнародных сілаў у Аўганістане, Босьніі і Косаве.

Наш камэнтар: Заўважана, што ў апошнія гады немцы актыўна намацваюць глебу дзеля мэмарыялізацыі “ў поўным аб'ёме” сваіх загінуўшых вайскоўцаў Другой сусьветнай вайны. Яны не прызнаюцца адкрыта, але зразумела, што йдзецца пра вяртаньне “нацыянальнага гонару” у ганебную тэму дзеяньняў нямецкай арміі і флёту пад камандваньнем шалёнага сатаніста А. Гітлера. Зразумела, што беларусы (і іншыя народы) не пагодзяцца, каб нейкі нямецкі “манумэнтальны гонар” узьнік на тэрыторыі нашай краіны. Тым больш, мы бачым, як цяперашняе кіраўніцтва Нямеччыны разам з Расеяй зьдзяйсьняе антыбеларускую палітыку, накіраваную на ліквідацыю нашай дзяржавы, культуры, мовы і татальнай асіміляцыі (русіфікацыі) беларусаў.

Але ёсьць яшчэ адзін аспэкт тэмы. Нават немцы (якія ў гістарычных падзеях ХХ стагоддзя адыгралі выключна адмоўную ролю правакатара, агрэсара, забойцы, гвалтаўніка, садыста) займаюцца мэмарыялізацыяй, расшукваюць імёны і магілы сваіх вайскоўцаў. Беларусы (абаронцы Радзімы і эўрапейскай цывілізацыі, героі народнага змаганьня супраць агрэсараў) дагэтуль ня маюць сапраўдных, дастойных помнікаў. Імёны сьцерты, драмы забыты — у выніку амнэзія грамадзтва, блытаніна ў галовах постсавецкіх людзей.

Вызваленая ад чужынскай дыктатуры Беларусь зоймецца гэтай справай. Будуць знойдзены і ўшанаваны магілы нашых герояў і ахвяраў, паўстануць помнікі, створаныя ў адпаведнасьці з хрысьціянскай і нацыянальнай традыцыяй (а не “родіны-матері” з маскоўскімі дэмагагічнымі дэвізамі). Будзе адноўлена гістарычная справядлівасьць.

Валеры Буйвал