“ІТАР-ТАСС” НАПАЛОХАЎ СУСЕДЗЯЎ

31 траўня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляе зь Вільні. Маскоўская агенцыя Ітар-Тасс распаўсюдзіла нядаўна “сэнсацыю”, сьцьвярджаючы, што ўлады Летувы выступілі за разьмяшчэньне на тэрыторыі Летувы амэрыканскага антыракетнага шчыта. Літаральна на наступны дзень міністар абароны Летувы Ю. Алекас пачаў апраўдвацца перад маскоўцамі, што яго “не так зразумелі і г.д.”. Маўляў, Летува падтрымлівае саму ідэю шчыта, які пабудуюць у Польшчы і Чэхіі. Газэта зьвяртае ўвагу на агрэсіўныя заявы крамлёўскага начальства. Пуцін у Маскве выступаў пра Эўропу, зь якой амэрыканцы робяць “парахавую бочку”. Міністар замежных справаў РФ Лаўроў шумеў перад публікай у нямецкім Патсдаме (у зале сядзела таксама дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс) пра “аднаўленьне халоднай вайны”.

Наш камэнтар: Вось жа як напалохаў “ТАСС уполномочен сообшчіть” летувіскіх міністраў. Як рэзка кінуліся яны да мікрафонаў апраўдвацца на першы рык нават не з Крамля, а з нейкай інфармацыйнай маскоўскай канторы. Не пабаяліся нават выглядаць смешна. Зразумела, што малая краіна апасаецца велічэзнага і агрэсіўнага суседа, гэта адэкватна. Дык можа варта тады адпаведна дзейнічаць. Ня бегчы па першаму званку Брусэля і Масквы на прыязную сустрэчу з лукашысцкімі міністрамі (як гэта робяць некаторыя).

Той, хто адказны за лёс сваёй невялікай краіны, павінен даўно б ужо разабрацца, хто такія Мілінкявічус, Вячоркас, Лебедькос, камуністас Калякінас і іншыя з прамаскоўскай псэўдаапазыцыі, і падумаць ці трэба вадзіць зь імі карагоды ў Вільні. Адказныя летувіскія палітыкі маглі б разабрацца, хто сапраўды змагаецца ў Беларусі за свабоду і дэмакратыю супраць маскоўскага агрэсара. А, разабраўшыся, мелі б больш упэўненасьці, бо бачны быў бы агульны фронт абароны народаў ад усходняга імпэрскага варварства. Але, відаць, хочацца некаторым паўдзельнічаць у прывабнай кан'юнктуры, адчуць сабе “эўрапейскім палітыкам”. Ды вось выходзіць неяк ня так...

Юрка Марозаў