АДЧЫНЯЮЦЦА ТАЙНЫ ГЭБІСЦКАГА ДВАРА

2 чэрвеня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляе з Масквы. Маскоўская пракуратура спыніла сьледства па справе тэракту ў тэатры на Дуброўцы (кастрычнік 2002 г., сотні ахвяраў). Афіцыйная прычына: суд ня можа знайсьці двух з арганізатараў захопу гледачоў у тэатры. Але адвакат Ігар Труноў, які прадстаўляе інтарэсы пацярпелых людзей і сем'і ахвяраў, не пагаджаецца з гэтым рашэньнем і заяўляе, што “некуды зьніклі не два, а 12 (!) выканаўцаў тэракту”. Іх не знайшлі сярод 40 забітых маладых чачэнцаў. Круцельства расейскіх уладаў даўно адэкватна ацанілі тыя людзі, што ацалелі падчас газавай атакі, наладжанай ФСБ, а таксама сямейнікі тых, хто загінуў пры “газавым вызваленьні” закладнікаў. 58 асобаў з пацярпелых падалі на Расею ў Эўрапейскі трыьунал па правах чалавека ў Стразбурзе. Грамадзкая арганізацыя ахвяраў “Норд-Ост” патрабуе распачаць сьледства і суд па справе выкарыстаньня баявых атрутных газаў “вызваліцелямі з ФСБ” (у выніку чаго загінулі 130 чалавек і скалечаны сотні іншых).

Наш камэнтар: Расейскае грамадзтва маўчыць (хаця апошнім часам ужо не надрываецца, нахвальваючы “энэргічнага Пуціна”). А вось тыя расейцы, хто сутыкнуўся з “газавым лубянскім гуманізмам” і пакаштаваў яго на поўніцу, ужо не маўчаць і не баяцца. Яны адразу сталі супраць вайны і гэбізму. Яны адназначна зразумелі, што менавіта гэбоўская кантора паводле загаду галоўнага начальніка Пуціна расплянавала і выканала жудасныя тэракты, спрабуючы скінуць адказнасьць на чачэнскіх байцоў. Успомнім, што і ў Беслане было тое ж самае. І там людзі бачылі групу ў 12-15 тэрарыстаў славянскай зьнешнасьці, якія размаўлялі па-расейску. Нікога з гэтай групы не знайшлі сярод забітых тэрарыстаў. Яны зьніклі без сьледу. Так падчас гэбоўскіх акцыяў бывае толькі са “своімі ребятамі”. Чым далей, тым больш жахлівых падрабязнасьцяў раскрываецца пра злачынствы пуцінскага рэжыму.

Юрка Марозаў