МІФЫ ПРА ТЭРАРЫСТАЎ

13 чэрвеня 2007 г. Гішпанская газэта “El Mundo” паведамляе з Балівіі. Кіраўніцтва краіны мабілізуе структуры і дае грошы на падрыхтоўку ўрачыстасьцяў з нагоды блізкіх 40-х угодкаў гібелі кубінскага марксіста Чэ Гевары. У правінцыі Вільяграндэ асфальтуюць дарогі, будуюць гатэлі, ствараюць музэй, прысьвечаны “герою рэвалюцыі”. Мясцовыя жыхары спадзяюцца падзарабіць на турыстычным буме. Улады зьбіраюцца запрасіць на ўрачыстасьці кіраўнікоў Кубы і шэрагу іншых лацінаамэрыканскіх краінаў. Мяркуецца, што вялікая колькасьць турыстаў будзе рэгулярна наведваць гэты музэйны комплекс.

Наш камэнтар: Чым бы лацінскія дэмакраты ня цешыліся — абы ня плакалі. Вось жа трэба было зьвяргаць крывавыя антынародныя правыя дыктатуры, каб у выніку заняцца апалагізацыяй левых прыгнятальнікаў чалавецтва. “Товарішч Че” — адна з постацяў арганізаванай Масквой “сусьветнай рэвалюцыі”, якая ўсур'ёз цягне на рамантычнасьць афарбоўкі. “Хорош собою”, з расейскім аўтаматам у руках, Чэ Гевара заўсёды падабаўся жанчынам і юнакам, якія ня маюць жыцьцёвага досьведу. Спачатку ён бегаў па джунглях і гарах Кубы разам з Фідэлям. Пасьля марксістоўскай перамогі ён рэзка разышоўся з лідэрам, кінуў міністэрскі пост і паехаў у шырокі сьвет змагацца супраць капіталізма.

Ягоны атрад (дакладней — шайка) уключыўся ў грамадзянскую вайну ў афрыканскім Конга. Але ў хуткім часе “барацьбіты” пасьпіваліся і ператварыліся ў звычайную банду галаварэзаў. Тады Чэ Гевара падаўся ў Лацінскую Амэрыку, арганізаваў у Балівіі партызанскі атрад і стаў назаляць мясцовым уладам. Усё згаданае рабілася на крамлёўскія грошы (хаця Масква заўсёды ўдавала, што асуджае мэтады рамантычнага экстрэміста). Урэшце “рамантыка” здалі ўладам трапічныя сяляне і яго апэратыўна растралялі.

І вось жа дагэтуль у многіх краінах сьвету жыве міф пра марксістоўска-ленінскага Робін Гуда. Нават дзеткі мільянераў у разьвітых краінах носяць майкі з партрэтам Чэ (які лёгка паставіў бы да плоту іхных бацькоў), ня кажучы ўжо пра многіх іншых маладых, што гуляюцца ў рэвалюцыйную рамантыку, пакуль жывуць на бацькоўскія грошы. Цяпер балівійскія левакі ствараюць сапраўдны пантэон-маўзалей у гонар маскоўскага найміта-забойцы, разьлічваюць арганізаваць на ягоным кульце сур'ёзны бізнэс. Чаго толькі не наглядзіцца чалавецтва за сваю стракатую гісторыю!

Валеры Буйвал