ВАЛЭНСА ПАД АБСТРЭЛАМ

20 чэрвеня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра скандал, што разыграўся пасьля інтэрвію з прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім, паказанага на адным з французкіх тэлеканалаў. Качыньскі заявіў: “Валенса спачатку абаперся на найбольш радыкальную частку грамадзтва, перш за ўсё на антыкамуністаў. А потым абапер сваю ўладу на былых камуністычных спэцслужбах”. Былы прэзыдэнт Польшчы і былы кіраўнік “Салідарнасьці” Лех Валенса абазваў цяперашняга прэзыдэнта “s-syn” і ў грубай форме пярэчыў ягонай аргумэнтацыі. Правыя палітыкі-нацыяналісты падтрымалі Качыньскага.

Наш камэнтар: Беларусы добра памятаюць легендарную постаць гданьскага электрыка, які фігураваў начале “Салідарнасьці”. Цяпер вядома, што менавіта Валенса і ягоныя паплечнікі-згоднікі пайшлі на пагадненьне і кампраміс з камуністамі. Яны арганізавалі “круглы стол” з антыпольскім прамаскоўскім рэжымам Ярузэльскага і ў абмен на здачу ўлады пакінулі камуну ў спакоі. Сапраўды, многія тысячы асобаў з намэнклятуры і спэцслужбаў, якія душылі свой народ і служылі інтарэсам Крамля, засталіся ў дзяржаўных структурах або заняліся пасьпяховым бізнэсам на скрадзеных у народа грошах. Патрыётаў, якія рэзка выступілі з пратэстам супраць згодніцтва з бальшавіцкім монстрам, прапаганда абазвала “экстрэмістамі” і “крыважэрнымі радыкаламі”, якія “замінаюць нацыянальнай згодзе”. Валенса і згоднікі нядоўга карысталіся згодай, завалілі палітыку і эканоміку і праз некалькі гадоў аддалі ўладу камуністам. Цяпер людзі ў Польшчы кажуць, што краіна дарэмна згубіла больш за 15 гадоў у выніку “круглых сталоў” і “згодаў” з антыпольскім рэжымам. Як жа нагадвае гэтая гісторыя суседняй краіны цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі. Падстаўныя грантаўскія “агульныя дэмакраты” мілінкевічы-калякіны-лебедько-вячоркі гукаюць пра “пагадненьне з рэжымам”, “круглы стол” і “нацыянальную згоду з уладай”. Якое ўсё падобнае! Але трэба сапраўды вучыцца на горкіх уроках Польшчы і не паўтараць чужых памылак.

Валеры Буйвал