РЭПАРТАЖ З ЭСТОНІІ.

22 чэрвеня 2007 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” публікуе рэпартаж з Эстоніі. Рэпарцёр аналізуе падзеі апошніх месяцаў, распытвае прадстаўнікоў расейскай інтэлігенцыі наконт будучыні Эстоніі. Сярод усяго зьвяртаюць на сябе ўвагу два маналёгі. Вядомы літаратуразнаўца, прафэсар Тартускага ўнівэрсітэта М. Лотман (габрэй, народжаны ў Пецярбурзе) заклікае расейцаў адмовіцца ад ролі ахвяраў і ўрэшце прыняць удзел у грамадзкім жыцьці Эстоніі. Ён заўважае, што “да выбараў Пуцін будзе рабіць усё, каб захаваць напружаньне на заходніх межах”. Журналіст паразмаўляў таксама і з прафэсарам гісторыі мастацтва Талінскай Акадэміі мастацтваў Давідам Всевьевым. Той назваў трактоўку гісторыі расейскімі і эстонскімі гісторыкамі “кансэрватыўнай”. Маўляў, калі Расея будуе сваю гісторыю на крывавых сутыкненьнях, так і Эстонія спрабуе сваімі маленькімі войнамі напісаць сваю вялікую ваенную гісторыю”.

Наш камэнтар: Вось такі “іскусствовед в штатском” тов. Всевьев. Хаця сапраўды, дзе ўжо эстонцам да расейскіх маштабаў. Маленькі паўночны народ ня мог бы зьнішчыць столькі людзей, культураў і этнасаў, захапіць і абрабаваць столькі тэрыторыяў. Дарэчы, эстонцы ніколі і ня ставілі перад сабой такой нацыянальнай задачы. Затое эстонскі народ пяць тысячаў гадоў жыве на сваёй зямлі, стварыў цывілізацыю, якая ня сьнілася расейцам, і ніколі не марнаваў свае сілы на стварэньне імпэрскіх монстраў.

Тов. Всевьев кпіць з “маленькіх войнаў” эстонскага народу. У 1918 годзе ворагі-імпэрыялісты таксама кпілі з “чухонцаў” (як яны грэбліва абзывалі народ, што заявіў сваё права на нацыянальную незалежную дзяржаву). З аднаго боку нямецка-расейская банда авантурніка Бэрманта, а з другога боку расейскія бальшавікі-ленінцы думалі лёгка захапіць невялікую тэрыторыю Эстоніі. Ды ня вышла. Малалікі (у параўнаньні з магутнымі ворагамі) народ на працягу кароткага часу стварыў 100-тысячную армію і пачаў біць ворагаў.

Побач з эстонцамі змагаўся супраць захопнікаў і беларускі атрад пад камандваньнем вялікага патрыёта Беларусі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Нацыянальнае кіраўніцтва распрацавала адэкватную стратэгію абарончай вайны і нацыянальнага выжываньня. Эстонцы здолелі адагнаць Чырвоную армію са сваёй тэрыторыі і трымалі фронт у 20-30 кілёмэтрах ад мяжы сваёй краіны. Сяляне маглі працаваць на палях і забясьпечваць насельніцтва харчамі. Белы генэрал Юдзеніч штораз пасьля чарговага правалу наступу на Петраград зьвяртаўся да эстонскага кіраўніцтва з прапановай сумеснага ўдару па ленінскай сталіцы. Але эстонцы добра зразумелі прапановы ўчорашніх калянізатараў у стылі “непрадрашэнства” і адмовілі белым. Нацыянальная армія здолела разграміць і адбіць наступ чырвоных сілаў, якія былі ў тры разы большыя. Эстонія адваявала сваю незалежнасьць. Вось такая “маленькая вайна”...

Валеры Буйвал