НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ РЭЛІКВІІ — ГОНАР НАРОДА

4 ліпеня 2007 г. Гішпанская газэта “El Pais” паведамляе з Аргэнтыны. У сталічным Нацыянальным гістарычным музэі невядомы разьбіў выставачную вітрыну і скраў залаты гадзіньнік, які належаў генэралу Мануэлю Бэльграна (памёр у 1820 г.), аднаму з айцоў незалежнасьці краіны. Аргэнтынскае грамадзтва не на жарт раззлавалася. Урад загадаў зачыніць дзяржаўныя межы і ўзмацніць памежны кантроль. Паліцыя і спэцслужбы разгарнулі апэрыцыі па ўсёй краіне. Газэта нагадвае, што нават кожны школьнік ведае імя Бэльграна, ганарыцца вялікім героям, які сярод іншага накрэсьліў эскіз дзяржаўнага сьцяга Аргэнтыны. У гонар героя названы вуліцы, унівэрсітэты, плошчы і г.д.

Наш камэнтар: Акт вандалізма аргэнтынскае грамадзтва і ўлады ўспрынялі як зьнявагу. Яны зробяць усё дзеля таго, каб рэліквія была вернута ў музэй, а злодзеі былі пакараныя. Такая ёсьць рэакцыя духоўна здаровага нацыянальнага грамадзтва і ягонага кіраўніцтва. Калі савецкія акупацыйныя ўлады, а потым антыбеларускі рэжым унутранай акупацыі зьнішчалі беларускія сьвятыні і рэліквіі, блюзьнерылі і аплёўвалі сьвятыя імёны беларускіх герояў, большасьць нашага грамадзтва, на жаль, нават не цікавілася гэтым. Яно не само дайшло да такога цяжкага стану. Адным з найбольш разбуральных мэтадаў кожнай акупацыі і кожнага гэнацыду ёсьць брутальнае адлучэньне народу ад ягонай нацыянальнай гісторыі, замена чужынскім сурагатам сапраўдных нацыянальных каштоўнасьцяў і сьвятыняў. Не выпадкова, не самы сабой паўсталі на нашай зямлі бронзавыя і бэтонныя леніны, калініны ды іншая бальшавіцка-маскоўская нечысьць.

Апошнім часам антыбеларускі рэжым пачаў актыўна мэмарыялізаваць катаў нашага і іншых народаў царскіх часоў: Паскевіча, Румянцава, расейскіх акупанцкіх губэрнатараў. Трэба чакаць абвяшчэньня сьвятым РПЦ крывавага генэрала Курлова, які камандваў растрэлам мірнай дэманстрацыі ў Менску ў 1905 годзе. Антыбеларуская ўлада баіцца беларускай гістарычнай памяці, баіцца нашых герояў мінуўшчыны. Антыбеларусы баяцца іх так панічна, нібыта яны жывыя і гатовы ўзначаліць народную барацьбу супраць паганага акупанта. Але страх ворагаў не містычна-абстрактны. Сапраўды, як толькі наш народ адновіць лучнасьць са сваёй гераічнай гісторыяй, са сваімі героямі — акупанцтва з ягонай фальшывай міфалёгіяй праваліцца скрозь зямлю.

Валеры Буйвал