МАСКВА ПАШЫРАЕ ТЭРАРЫСТЫЧНУЮ ДЗЕЙНАСЬЦЬ

18 ліпеня 2007 г. Ангельская газэта “Guardian” піша пра драматычныя падзеі ў Пакістане. Пасьля нядаўняга штурму войскамі Чырвонай мячэці ў Ісламабадзе (больш за 100 забітых тэрарыстаў і вайскоўцаў) у гэтай краіне ўспыхнулі выступы супраць прэзыдэнта краіны генэрала Мушарафа. Натоўп разрабаваў склады Чырвонага Крыжа ў Батаграме. Гэта ўдар па праграме гуманітарнай дапамогі ахвярам паводкі і землятрусу. Адбываюцца ўзброеныя напады на вайсковыя адзінкі і выбухі ў публічных месцах.

Наш камэнтар: Аналітыкі ўжо заўважылі, што апошнім часам адбываецца “іракізацыя” Аўганістану і Пакістану. У Аўганістане знаходзяцца амэрыканскія і эўрапейскія войскі. У Пакістане кіруе праамэрыканскі прэзыдэнт Мушараф. Распальваньне антыамэрыканскай і антыхрысьціянскай істэрыі, міжэтнічных і міжканфэсійных канфліктаў у гэтых краінах набывае формы, падобныя на ірацкую тэрарыстычную вайну. Камусьці вельмі важна канчаткова дэстабілізаваць гэтыя краіны, каб наваліць на амэрыканцаў і іхных заходніх хаўрусьнікаў крывавыя праблемы цэлага рэгіёну. Гэты “хтосьці” — гэбоўскі Крэмль, які, убачыўшы эфэктыўнасьць масавых забойстваў людзей у Іраку, пашырыў гэтую тактыку на ўвесь рэгіён. Перафразуючы выбарчы лёзунг савецкіх часоў з Масквы гукаюць: “К новым победам идёт блок гебистов и сексотов!”

Юрка Марозаў