ШАНУЙМА ГОНАР

30 ліпеня 2007 г. Ангельская газэта “The Independent” піша пра спартовую перамогу іракцаў у Джакарце. Зборная Іраку перамагла з лікам 1:0 фаварыта чэмпіянату зборную Саудаўскай Арабіі і заваявала Кубак Азіі. У складзе каманды гулялі прадстаўнікі ўсіх абшчынаў краіны: суніты, шыіты і курды. У Іраку адбылося стыхійнае народнае сьвяткаваньне. Сотні тысячаў людзей ўздымалі нацыянальныя сьцягі і аддаваліся неўтаймаванай радасьці. Зразумела, што для змучанага тэрарызмам народу футбольная перамога мае надзвычайнае значэньне, гэта больш, чым проста спорт.

Наш камэнтар: У гэтай сувязі ўспамінаецца 1996 год. Тады ўвесь сьвет зьдзівіў подзьвіг спартоўцаў з мала каму вядомай краіны — Беларусі. На чэмпіянаце сьвету па лёгкай атлетыцы ў Лёндане нашы атлеты занялі другое месца (пасьля каманды ЗША) па колькасьці залатых і іншых мэдалёў. Памятаю, як у Ірляндыі да нас падыходзілі людзі і пыталіся: “Што вы за народ такі? А мы ніколі пра вас ня чулі...” (Ірляндыя ўзяла тады адзін мэдалёк). Антыбеларускі рэжым пасьпяшаўся згасіць пераможны энтузіязм, афіцыйныя СМІ зацерлі прыгожую навіну, патапілі яе ў пустой дэмагагічнай балбатні. На працягу гадоў рэжым давёў спартовую нацыянальную эліту да недастойнага стану. Многія выехалі з краіны, падаліся ў Расею. Антынародны прамаскоўскі рэжым баіцца народных перамогаў і нішчыць усё, што ўздымае беларускі нацыянальны гонар.

Юрка Марозаў