НЯМЕЦКІ АНАХРАНІЗМ

30 ліпеня 2007 г. Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” публікуе артыкул Райнхарда Вэзэра пад тытулам “Польскі анахранізм”. Тэкст густа замешаны на жорсткай крытыцы братоў Качыньскіх і цяперашняй палітыцы польскай дзяржавы. Пасьля прыйсьця да ўлады Качыньскіх адбываецца крызіс за крызісам у парляманце і гаспадарцы. Той, хто ўчора быў шанаваным грамадзянінам, сёньня можа апынуцца ў ганебным стане (гэта немец пра люстрацыю). Адбываюцца пеўнікавыя баі ў палітыцы. Пагоршылася сітуацыя Польшчы ў Эўразьвязе. І г.д.

Наш камэнтар: Адчуваецца, што палякі добра насалілі немцам. Ужо каторы месяц у нямецкіх СМІ не сунімаюцца эмацыйныя ўсплескі, палітыкі і аналітыкі зрываюцца на вулічны слэнг, часам адкрыта шальмуюць і пагражаюць суседняй краіне. А ўсё таму, што кіраўніцтва краіны заняло самастойную пазіцыю і ня хоча “танчыць” пад нямецкую дудку. Магчыма, што мы з вамі сапраўды становімся сьведкамі ўзьнікненьня манумэнтальнага анахранізму ў Эўропе. Толькі гэта ёсьць анахранізм дамінанты Нямеччыны ў Эўропе, які паступова расхістваюць самастойныя эўрапейскія народы.

Валеры Буйвал