ДОЎГАЯ МАСКОЎСКАЯ П'ЕСА

8 жніўня 2007 г. Польская газэта “Zycie Warszawy” піша пра забарону партыі “нацболаў”. Вярхоўны суд РФ канчаткова забараніў Нацыянальна-бальшавіцкую партыю. Яна была ўтворана ў 1993 г. і ўславілася сваімі хэпэнінгамі. Напрыклад, аднойчы партыя залезла на дах нацбанка. А апошнім разам нацысты-бальшавікі вывесілі на гатэлі “Россія”, што насупраць Крамля, вялікую разцяжку “Пуцін, сыйдзі сам!” Генсек партыі Эдзічка Лімонаў заявіў, што будзе аспрэчваць забарону ў Судзе па правах чалавека ў Стразбурзе.

Наш камэнтар: На жаль, польскія (і іншыя заходнія) газэты не камэнтуюць гэтае паведамленьне, падаюць яго на поўным сур'ёзе. З чаго раптам праз 14 гадоў існаваньня менавіта цяпер галоўны суд імпэрыі пачаў нібыта ліквідацыю гэтай фашыстоўска-бальшавіцкай групоўкі? На працягу 13 гадоў яны куражыліся па ўсёй Расеі. Аднойчы яны прыехалі нават у Менск (але тут атрымалі адлуп ад патрыётаў-фронтаўцаў, якія разагналі “канфэрэнцыю” гэтых фашыстаў у сталічным клюбе “Сукно”, Лімонаў выскачыў тады з вакна і ўцёк). Пуцін падкрэсьлівае напярэдадні выбараў 2008 г., што “фашізм не пройдёт”. Але забываецца патлумачыць, што менавіта ягоная лубянская кантора і ўтварыла гэтую фашыстоўскую групоўку. Крыклівымі мобамі-шмобамі (апошнім часам гэта ёсьць любімы прыёмчык гэбэ і на Беларусі) лімонаўцы “выказвалі свой пратэст супраць рэжыму Пуціна”. Але яны былі настолькі непрывабнымі для нармальных людзей сваім фашызмам-бальшавізмам, што Пуцін у параўнаньні з гэтай “апазыцыяй” заўсёды выглядаў абаронцам краіны ад экстрэмізму. Адбыўся чарговы акт лубянскай пьесы.

Юрка Марозаў