“РЕБЯТА, К НАМ ЧАПЛИН ПРИЕХАЛ!”

16 жніўня па сталіцы Урала Екацерынбурзе хадзілі маладзёны з пуцінскага камсамолу пад назовам “Наші” і прыставалі да мінакоў з роспытамі: “А якой вы веры? А ці ходзіце ў царкву?” З праваслаўнымі яны браталіся і зазывалі на мерапрыемствы мясцовай епархіі. Павышаны клерыкалізм пачаў назірацца ў “Нашіх” пасьля шматтысячнай іхнай тусоўкі за казённы кошт на возеры Селігер гэтым летам. Там сярод іншага была пастаўлена каплічка РПЦ. Да палітызаваных “отдыхаюшчіх” прыязджаў нават намначальніка аддзела зьнешніх зносінаў маскоўскага патрыярхату пратаерэй В. Чаплін. На сустрэчу зь ім маладыя беглі навыперадкі, гуртом, бо падумалі, што лягер наведаў знакаміты комік Чарлі Чаплін. Нягледзячы на сьмех і грэх пасьля гэтага візыта ў “Нашіх” была ўтворана цэлая “праваслаўная сэкцыя”. Як сказаў журналістам яе кіраўнік: “Воцерковлённые молодые комиссары станут опорой церкви...” Клерыкальна-гэбоўскае камісарства — новы фармальна-ідэалягічны выбрык бязьмежнай расейскай эклектыкі.