КАРАБАС-ДАРАБАС Ў ВЕНСКАЙ ПАЛІТЫЦЫ

24 жніўня 2007 г. Дацкая газэта “Politiken” перадрукоўвае цытаты з выступу міністра абароны Аўстрыі Норбэрта Дарабаса. Міністар выказаўся ў Вене, што “разьмяшчэньне ЗША антыракетнага шчыта ва Усходняй Эўропе ёсьць правакацыяй і вяртаньнем да халоднай вайны”.

Наш камэнтар: Вось такі венскі Карабас-Дарабас. Апошнім часам мы назіраем выключную і бессаромную сэрвільнасьць аўстрыйскага дзяржначальства ў адносінах да Крамля. Яны запрашаюць да сябе менскага “апазыцыянэра” М. Марыніча і распрацоўваюць зь ім і расейскімі спэцамі “стратэгію па захаваньні расейскіх інтарэсаў у Беларусі”. Яны галасуюць ва ўсіх міжнародных арганізацыях пад маскоўскую дудку. Венская немка Бэніта Фэрэра-Вальднэр у адкрытую вядзе ў Эўразьвязе антыбеларускую палітыку на карысьць Масквы. Цікава, што за халуйскія паслугі Масква рэгулярна адудзячвае венскіх васалаў у сваім традыцыйным стылі.

Зусім нядаўна аўстрыйскія спэцслужбы злавілі расейскіх шпіёнаў, якія зьбіралі сакрэтную інфармацыю пра вайсковую авіяцыю. Потым Масква праваліла на алімпійскім галасаваньні кандыдатуру аўстрыйскага Зальцбурга на правядзеньне Алімпіяды-2014. Хаця маразматычны стан палітычных элітаў маленькай краіны здараецца не ўпершыню ў аўстрыйскай гісторыі. Можна ўспомніць хаця б аншлюс 1938 года, калі Аўстрыя эйфарычна далучылася да гітлерскай Нямеччыны. Цяпер яны імпэтна далучаюцца да ўсіх маскоўскіх ініцыятываў. Даскачуцца да чарговай нацыянальнай трагедыі.

Юрка Марозаў