РОЗДУМ НАД ПАВЕДАМЛЕНЬНЯМІ З-ЗА МЯЖЫ

Героі Сьцяга

3 верасьня 2007 г. Гішпанская газэта “El Pais” публікуе інтэрвію пад тытулам “Герой Грэцыі”. 85-гадовы Манолі Глезас нягледзячы на ўзрост і кепскае здароўе актыўна ўдзельнічаў у тушэньні апошніх пажараў, што нішчылі Грэцыю. Ён — адзін з самых папулярных людзей на радзіме. Усе памятаюць, як падчас нямецкай акупацыі ён і ягоны сябра Апосталас Сантас залезьлі на Парфэнон і скінулі з вяршыні знакамітага антычнага храма, сымваля грэцкай культуры і дзяржавы, фашыстоўскі сьцяг са свастыкай. Акупанты арыштавалі юнакоў і прысудзілі да сьмяротнай кары. Глезас выратаваўся цудам і працягнуў барацьбу супраць захопнікаў. Падчас дыктатуры чорных палкоўнікаў у 1967-75 гг. герой вымушаны быў жыць у эміграцыі ў Парыжы. Але паўсюль ён змагаўся за свабоду сваёй радзімы.

Наш камэнтар: Афінскі Мірон зразумеў бы гераічныя ўчынкі віцебскага Мірона. Над Беларусяй павісьлі эклектычныя бальшавіцкія зялёна-крывавыя сьцягі, сымваль рэжыму прамаскоўскай дыктатуры і ўнутранай акупацыі. Гвалтаўнікі Беларусі чапляюцца за іх і за савецкую мінуўшчыну, ліхаманкава спрабуюць спыніць гістарычны час. Але беларускія героі ўздымаюць над Айчынай сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, якога панічна баяцца акупанты і іхныя халуі. Героі ведаюць, што антыбеларускі рэжым ганебна праваліцца, што расейскаму фашызму наканаваны капут.

Акцыя маскоўскіх бацюшак

3 верасьня 2007 г. Французкая газэта “Le Figaro” паведамляе з Італіі. У мястэчку Кастэль Гандольфа 300 тысячаў маладых католікаў з усяго сьвету сустрэліся з Папай Рымскім Бэнэдыктам XVI. Яны маліліся разам, сьпявалі рэлігійныя гімны, абмяркоўвалі праблемы сучаснага сьвету і гістарычную мінуўшчыну. Папа заклікаў да выратаваньня нашай плянэты, падкрэсьліў важнасьць аховы навакольнага асяроддзя.

Наш камэнтар: У прынцыпе гэта была адна з тыповых, добра падрыхтаваных і арганізаваных сустрэчаў панціфіка з вернікамі. Дакладна вядома, што нікога на такія імпрэзы не заганяюць прымусам. У імпэрскай арганізацыі пад абрэвіятурай РПЦ нэрвова калоцяцца рукі ад посьпехаў Касьцёла, бо пасьля пэўнага пэрыяду моды ад лубянскіх бацюшак адвярнулася моладзь. Няма нічога дзіўнага: маладыя сэрцам адчулі фальш і ўбачылі сапраўдную сутнасьць “православной організаціі” (як трапна назваў РПЦ Лукашэнка). Што б ні ўтварыла гэтая “організацыя” на Беларусі, усё — зьдзек і абсурд. Нядаўна БТ на працягу некалькіх дзён раскручвала рэклямны сюжэт: “В Белоруссию прибудут мощи одного из самых знаменитых православных святых — князя Владимира-крестителя Руси. Ожидаются большие торжества в посёлке Привольный под Минском...” Фармальная задумка бацюшак зразумелая: ясна чытаецца гістарычная паралель даўняга Владіміра з цяперашнім крамлёўскім Владіміром Владіміровічем. Беларусы былі ашаломленыя: РПЦ заклікала пакланяцца парэшткам паганскага дзеяча, які спаліў наш Полацк, забіў князя Рагвалода і тысячы палачанаў, і на працягу свайго жыцьця натварыў безьліч іншых злачынстваў. Потым, праўда, па палітычных меркаваньнях адмовіўся ад паганства. Але мы тут пры чым?! Нягледзячы на шумную рэкляму акцыя РПЦ правалілася. Нават БТ вымушана была прызнацца: “На поклонение мощам святаго Владимира в посёлке Привольный собрались десятки человек...” Беларусы ведаюць: праваслаўную традыцыю на нашай зямлі павінна адраджаць Беларуская нацыянальная Праваслаўная Царква, а не маскоўскі кагэбісцкі сурагат.

Калі вораг зьнішчае Айчыну, нельга спадзявацца на чужое заступніцтва.

3 верасьня 2007 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” піша пра сьледства, якое вядзе пракуратура Руанды. Сьледчыя публікуюць усё новыя факты, якія сьведчаць пра ганебныя дзеяньні французкай арміі падчас генацыду ў Руандзе. У 1994 г., калі бандыты з племені хуту (ім належала дзяржаўная ўлада ў краіне) забівалі сотні тысячаў тутсі, французкі вайсковы кантынгент фактычна спрыяў генацыду. Адзін з батальёнаў тры дні пасіўна стаяў і ня ўмешваўся ў крывавыя падзеі ў мясцовасьці, якая была абвешчана зонай гуманітарнага прытулку для уцекачоў пад французкай аховай. Батальён пастаяў, а потым увайшоў у мястэчка, калі хуту забілі ўсіх людзей. У іншым месцы французкі самалёт прывёз замест гуманітарных грузаў для ахвяраў гвалту зброю для катаў з племені хуту. Французкая дзяржадміністрацыя пратэстуе і апраўдваецца.

Наш камэнтар: Вядома, што тутсі, убачыўшы пагрозу поўнага зьнішчэньня свайго народа, урэшце стварылі паўстанцкую армію. Яе атрады выйшлі з джунгляў узброеныя амаль выключна дубінамі і каламі. Але змагарны імпэт быў настолькі магутным, што на працягу лічаных дзён тутсі разграмілі ўзброеных эўрапейскай зброяй хуту і вызвалілі краіну ад кашмара. Былі згублены, аднак, некалькі тыдняў у наіўных спадзяванках на французкія і бэльгійскія батальёны, на гуманітарную дапамогу з-за мяжы і г.д. Мы памятаем іншы прыклад. У 1991 годзе, калі сэрбскія імпэрыялісты пачалі захоп Сараева ў Босьніі, насельніцтва Сараева не чакала прыбыцьця чужых батальёнаў і гумдапамогі. Гараджане адразу пачалі будаваць барыкады, ствараць атрады самаабароны, абралі лідэраў і камандзёраў. Яны пачалі біць агрэсараў і бараніць родны горад, спадзяючыся толькі на свае сілы. І ўрэшце рэшт перамаглі, выратаваліся ад зьнішчэньня (хаця Эўропа сьпісала была іхны горад і ўсю Босьнію ў страты, спадзяючыся, што сэрбы лёгка адновяць сваю імпэрыю). Захад вымушаны быў падтрымаць змагарны народ, вымушаны быў нават бамбіць сэрбскіх агрэсараў і гнаць іх прэч ад Сараева. Гэта ёсьць вялікі ўрок для беларусаў: калі вораг зьнішчае Айчыну, нельга спадзявацца на гуманітарныя арганізацыі і чужое заступніцтва.

Юрка Марозаў