УРАЧЫСТАСЬЦІ Ў ВАРШАВЕ

22 верасьня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра мэмарыяльныя ўрачыстасьці ў Варшаве. Упершыню з 1989 г. міністар абароны Польшчы А. Шчыгла прыняў удзел у мэмарыяльных мерапрыемствах у памяць вайскоўцаў польскага корпуса імя Тадэвуша Касьцюшкі, створанага ў СССР. Стварэньне корпуса было спробай падтрымаць аўтарытэт камуністычнага прамаскоўскага ўраду Польшчы ў піку лёнданскаму эміграцыйнаму ўраду Польшчы. Газэта нагадвае, што першы бой корпус прыняў каля вёскі Леніна ў Беларусі. Адбыліся імша і вайсковыя ўрачыстасьці каля помніка касьцюшкоўцам у Варшаве. Да 1989 г. гэты дзень адзначаўся ў ПНР як “дзень войска польскага”. Пасьля падзеньня камунізму дзень адзначалі толькі вэтэраны корпуса. Міністэрства абароны патлумачыла, чаму адноўлены дзяржаўныя ўрачыстасьці: “Мы ўшаноўваем памяць шэраговых жаўнераў, а ня тых, хто рабіў на гэтым палітычную кар'еру, як Ярузэльскі...”.

Наш камэнтар: Што ж, слушная пазыцыя міністэрства і грамадзтва. Палякі ня згадваюць пра гэта, але мы павінны ведаць і памятаць, што ў корпусе імя Касьцюшкі змагаліся і загінулі тысячы беларусаў. Калі ў ГУЛАГу пачалося фармаваньне частак польскага корпусу з ваеннапалонных — грамадзянаў Польшчы, беларусы масава запісваліся ў корпус, каб вырвацца з “нялюдскай зямлі” (як яны называлі Расею) і змагацца супраць фашызму. Многія запісваліся палякамі і каталікамі, каб толькі выравацца з “пралетарскага раю”. Памятаць пра нашых дзядоў — абавязак культурнай беларускай нацыі.

Валеры Буйвал