ПАВОДЗІНЫ ЗЛАЧЫНЦАЎ

22 верасьня 2007 г. Славацкая газэта “Novy Cas” публікуе артыкул пра выставу ў ЗША, якая прысьвечана Асьвенцыму. На выставе выстаўлены невядомыя раней фота. На іх адлюстраваны забавы эсэсаўскіх ахоўнікаў-катаў. Маладыя немцы і немкі весела сьмяюцца і пазіруюць перад фотакамэрай непадалёк ад баракаў і крэматорыяў. Адзін з эсэсаўцаў зрабіў сабе цэлы альбом на памяць з такіх здымкаў. Яго злавілі і судзілі пасьля вайны. Ён апраўдваўся на судзе, кажучы (як і ўсе іншыя эсэсаўцы): “Мы не маглі паўплываць на ход падзеяў...”

Наш камэнтар: Ім было весела, але іх злавілі і судзілі. За злачынствы пэрыяду расейска-савецкай савецкай акупацыі Беларусі не лавілі і не судзілі нікога з маскоўскіх эсэсаўцаў і гестапаўцаў. Дагэтуль многія з іх камфортна жывуць на нашай зямлі і атрымліваюць дзяржпэнсіі з кішэняў сваіх ахвяраў. Пра іх ня трэба рабіць выставы. Яны асабіста рэгулярна зьяўляюцца ў Курапатах і іншых месцах, дзе яны тварылі генацыд беларускага народу. “Ветераны” плююць на магілы беларускіх пакутнікаў, ламаюць крыжы, правакуюць абаронцаў сьвятыняў. Яшчэ больш агрэсіўныя іхныя нашчадкі, “істінно русскіе ребята”, якія зьяўляюцца ў Курапатах з сабакамі і гарэлкай, блюзьнераць і куражацца. На звароты беларусаў яны нахабна адказваюць: “А нам плевать, мы не верим...” Яны ўпэўнены, што так будзе вечна. Яны памыляюцца. Яны ня будуць вечна куражыцца на беларускай зямлі.

Юрка Марозаў