ДЗЕНЬ СУПРАЦІВУ Ў ЭСТОНІІ

22 верасьня 2007 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведамляе з Таліна. Сёлета 22 верасьня ў Эстоніі ўпершыню будзе адзначацца дзяржаўная дата — Дзень Супраціву. 18 верасьня 1944 г. выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Эстоніі Юры Улуотс прызначыў Ота Ціефа прэм'ерам ураду краіны. Урад дэкляраваў нэйтралітэт Эстоніі ў вайне. Над сярэднявечнай вежай Доўгі Гэрман лунаў нацыянальна-дзяржаўны сьцяг Эстоніі. 22 верасьня 1944 г. у Талін увайшлі савецкія войскі. Саветы скінулі нацыянальны сьцяг і ўзьнялі над вежай чырвоны сьцяг. На працягу доўгіх гадоў 22 верасьня “русскоязычные” адзначалі “день освобожденія”.

Наш камэнтар: Гісторыкі ўжо даўно даказалі, што ніякага “освобожденія” не было. Немцы пакінулі Талін без боя, таму эстонцы на працягу некалькіх дзён наладжвалі дзяржаўную ўладу і прымалі важныя палітычныя рашэньні на сваёй тэрыторыі. Аж покуль ў горадзе не зьявіліся “освободітелі” (Эстоніі ад эстонцаў). Нацыянальны ўрад вымушаны быў эвакуіравацца ў Швэцыю, дзе працаваў на працягу дзесяцігоддзяў расейскай акупацыі. Патрыёты разгарнулі партызанскую вайну супраць маскоўскіх захопнікаў і іхных мясцовых паслугачоў. Вельмі інтэнсіўна вайна працягвалася да пачатку 1950-х гадоў. Саветы кідалі супраць партызанаў арду НКВД, артылерыю і авіяцыю. Сотні тысячаў эстонцаў цэлымі семьямі былі вывезены ў Сібір. Толькі ў сярэдзіне 50-х гадоў акупантам удалося стлуміць апошнія цэнтры супраціву. Але эстонскі народ ніколі не прыняў уладу акупантаў на сваёй зямлі. У 1991 г. была адноўлена незалежнасьць краіны.

Валеры Буйвал