ПРАФАНАЦЫЯ Ў МЕНСКУ

Заўважана, што ворагі панічна баяцца беларускай гісторыі. 8 верасьня ў Беларусі адначасова разгарнуліся сьвяточныя падзеі, але з розных нагодаў. Задоўга да гэтага дня ў Менску мітусіліся цырыманімайстры ўсіх калібраў, рыхтуючы “празднік города”. Яны рабілі стракатыя клумбы з лічбай 940, гукалі лёзунгі з тэлевізара і радыё, абяцалі маштабную забаву. У якасьці нагоды для “праздніка” абралі 940-вы “юбілей города Мінска”. Сапраўды, 940 гадоў таму, у 1967 годзе імя горада была ўпершыню згадана ў летапісе. Каля сьценаў Менску, памежнай крэпасьці Полацкага княства, адбылася крывавая бітва на рацэ Нямізе. Кіеўскія князі, спалілі Менск і забілі ўсіх мужчынаў, але страты ў іхным войску былі настолькі вялікія, што яны адмовіліся ад паходу на Полацак і павярнулі назад. Жанчынаў і дзяцей павялі ў палон. Крывавая падзея зьяўляецца адным з яркіх эпізодаў знакамітай паэмы “Слова аб паходзе Ігаравым”.

Арганізоўваючы свой “празднік”, рэжым нібыта прыгадаў гісторыю Менску. Але бітва на Нямізе і зьнішчэньне горада адбыліся ў сакавіку 1067 г., у люты холад. Раней антыбеларускі рэжым, каб выкрэсьліць з памяці народу Дзень Беларускай вайсковай славы 8 Верасьня, трубіў паўсюль, што 8 верасьня трэба сьвяткаваць дзень пачатку ў 1941 годзе блакады Ленінграда. Прыцягненая за вушы чужая дата не прыжылася. Тады ненавісьнікі Беларусі вырашылі прыцягнуць за вушы эпізод з сакавіцкай трагедыяй 1067 года. На працягу двух дзён ракой лілася разьліўная гарэлка і каньяк, на эстрадах сьпявалі расейскую папсу і танцавалі, дзіка тупаючы нагамі. Пускалі ў неба фаервэркі. Постсавецкая публіка “отдыхала і праздновала”. Што ж сьвяткаваў рэжым унутранай акупацыі? Рэжым арганізаваў буйнамаштабную пьянку і сатанінскія скокі, “празднуя” угодкі разбурэньня нашага роднага горада і масавага забойства гараджанаў — нашых дзядоў.

Крывавая бітва (у якой палачане не перамаглі) спыніла захопнікаў, аднак ідэя сьвяткаваньня з нагоды забойства свайго ж народу і зьнішчэньня свайго ж гораду ня мае, здаецца, прэцэдэнтаў у сусьветнай практыцы. Такога няма нідзе. Традыцыйныя гарадзкія сьвяты часьцей за ўсё прысьвечаны мясцоваму сьвятому, патрону горада, у імя якога высьвечаны галоўны гарадзкі сабор. Бываюць сьвяты ў гонар перамогаў над ворагамі і выратаваньня гораду ад пошасьці і разбурэньня. Калі людзі ўспамінаюць трагедыі гарадзкой і нацыянальнай гісторыі, то гэтыя мерапрыемствы маюць мэмарыяльны характар: арганізоўваюцца рэлігійныя шэсьці, багаслужбы, вайсковыя цырымоніі на могілках і месцах трагедыі. На магілах дзядоў з нагоды іхнага забойства не танцуе аніводзін культурны народ. Нават калі такое адбываецца ў плямёнаў першабытнай культуры ў глыбінях Афрыкі, то ўсяроўна гэтая дзея ня ёсьць “весёлый празднік”. Афрыканцы вераць, што рытуальны танец і рытуальная музыка спрыяюць перасяленьню душаў продкаў у нашчадкаў і замацоўваюць вечнасьць афрыканскага народу. Рэжымныя вычварэнцы вырашылі апусьціць беларусаў, — народ хрысьціянскай і эўрапейскай цывілізацыі, — ніжэй за першабытны афрыканскі ўзровень.

Янка Базыль