РАСЕЙСКІЯ ГУЛЬКІ

Пасьля выступу Пуціна на перадвыбарчым зьезьдзе “Едіной Россіі” 1 кастрычніка па ўсім сьвеце як з рога пасыпаліся камэнтары. Пуцін заявіў, што становіцца першым у партыйным сьпісе “едінороссов” на парляманцкія выбары і мяркуе стаць прэм'ерам пры будучым прэзыдэнце Зубкове. Найбольш цьвярозы аналіз выдала брытанская газэта “Таймс”. Яе аналітыкі добра разумеюць, што каманда Пуціна любым спосабам будзе імкнуцца застацца пры ўладзе. Таму цяпер Пуцін ставіць на свайго былога падначаленага Зубкова (66-гадовы цяперашні прэм'ер дастаткова пажылы ў параўнаньні з цяперашнім прэзыдэнтам). Мяркуецца, што Пуцін можа рэзка ўзмацніць вагу прэм'ера і паменшыць значэньне прэзыдэнта пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2008 г. Пажылы Зубкоў можа раптам захварэць, і тады Пуцін лёгка вернецца на прэзыдэнцтва праз датэрміновыя выбары. Што ж, цалкам магчымы варыянт “трэцяга тэрміну” лубянскага манарха. Безаблічнасьць Зубкова — вельмі важны аргумант у гэтай ракіроўцы. Але раптам тав. Зубкову спадабаецца на крамлёўскім троне, і шапка Манамаха не падасца яму такой ужо цяжкой? Ды й шэрагу таварышаў будзе імпанаваць ягоная безаблічнасьць. Усяроўна рызыка для Уладзіміра Уладзіміравіча застаецца, ён сам можа раптам захварэць (такое ўжо бывала ў расейскай гісторыі).

***

1 кастрычніка 2007 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” паведамляе, што шахматыст Гары Каспараў быў выстаўлены кандыдатам на прэзыдэнцтва зьездам “Другой Россіі” у Маскве. Кандыдатуры былога прэм'ера Касьянава і былога начальніка нацбанку РФ не прайшлі. Газэта паведамляе, што гэта быў зьезд кааліцыі дробных груповак, якія сумарна маюць 3% падтрымкі расейскага электарату. Швэды заўважылі, што мяркуемыя кандыдатуры Іванова і Медведева на замяшчэньне Пуціна адсунуты Зубковым, які зьявіўся на палітарэне.

Наш камэнтар: Кааліцыя псэўдаапазыцыйных пешак (маскоўская копія менскага арыгіналу: лебедько-вячорак-мілінкевічаў-калякіных) высунула сваю шахматную фігурку. Урэшце і швэды заўважылі, што Іваноў з Медведевым — пустая тэма. Без энтузіязма яны тэарэтызуюць таксама і наконт безаблічнага Зубкова. Пара б ужо на Захадзе зразумець канчаткова, што ў Расеі разыгрываецца партыя “у паддаўкі” паводле мадэлі, адпрацаванай на фальшывых “выбарах” у Беларусі.

Янка Базыль