НЯМЕЦКІ ІНТЭРАС

16 кастрычніка 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” публікуе аналітыку публіцыста Ежы Гашчыньскага. Ён камэнтуе апошнюю сустрэчу ў Вісбадэне Пуціна і Мэркель. Заўважае, што формы сустрэчаў зьмяніліся з часоў Шродэра. Канцлерка не катаецца з Пуціным на санях, яны ня ходзяць адзін да аднаго ў прыватныя госьці і г.д. Але па сутнасьці не зьмянілася нічога. Калі Польшча пратэставала супраць пабудовы газаправоду па дну Балтыкі, Мэркель раней адказвала, што ў Нямеччыне дэмакратыя і ўрад ня можа дыктаваць сваю волю прыватным фірмам, якія разам з “Газпромам” будуюць гэтую трубу. У Вісбадэне канцлерка раптам заявіла, што пабудова балтыйскага газаправоду вядзецца ў дзяржаўных інтарэсах Нямеччыны. Зразумела, што няма Шродэра, які зрабіў кар'еру ў “Газпроме”, і ніхто ўжо не называе Пуціна “крыштальным дэмакратам”. Але ўсё ёсьць як было.

Наш камэнтар: Мы заўважылі, што польскую публіцыстыку і аналітыку можна падмануць любым псэўдаподзьвігам падстаўной прамаскоўскай апазыцыі на Беларусі кшталту нядаўняга “евромарша”. Але што тычыцца сваіх нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў — тут палякаў на мякіне не правядзеш.

Валеры Буйвал