БРЫТАНЦЫ НА БЕЛАРУСІ

19 кастрычніка 2007 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” піша, што кіраўніцтва брытанскай карпарацыі навінаў ВВС вырашыла звольніць 1800 сваіх супрацоўнікаў з мэтай больш рацыянальнай арганізацыі працы.

Наш камэнтар: ВВС заўсёды ўражала колькасным размахам. У 1996 годзе мне давялося працаваць з тэлегрупай ВВС ў атручаных Чарнобылем раёнах Беларусі. Яны шмат здымалі, размаўлялі з начальствам і простымі людзьмі Зоны. Разам мы наглядзеліся на наша народнае няшчасьце: занядбаныя шпіталі, хворых дзяцей, беспрацоўных ці неаплочаных заробкам дарослых. Наслухаліся афіцыйнай хлусьні і хвалюючых трагічнай праўдай маналёгаў. Я са свайго боку таксама імкнуўся расказаць ім праўду і патлумачыць тое, што было незразумелым для заходняга чалавека. І вось настаў апошні дзень камандыроўкі. Застаўку для перадачы аб чарнобыльскіх праблемах у Беларусі тэлегрупа вырашыла запісаць насупраць помніка Леніну перад будынкам Вярхоўнага Савету ў Менску. Тэлевядучы (вельмі папулярны на ВВС, як мне патлумачылі ягоныя калегі) карцінна стаў пад чорным ідалам і пачаў “вяшчаць”: “Мы знаходзімся ў Беларусі, постсавецкай краіне, якая робіць крокі да дэмакратыі...” Пачуўшы такое, я зразумеў, што ўсё або амаль усё, што распавядалі заходнікам людзі і асабіста я, было дарэмна. Колькасны размах ВВС зусім не адпавядаў якаснаму характару гэтай “лепшай у Эўропе” інформагенцыі. Палітыкі, журналісты, бізнэсоўцы ў асноўным так і не зразумелі, што адбываецца ў нашай краіне... І гэта, нажаль, вельмі тыпова для іхніх мазгоў.

Валеры Буйвал