СПРАВА ЧЭМБЭРЛЕНА МАДЗЕЕ І РАЗЬВІВАЕЦЦА

18 кастрычніка 2007 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” паведамляе з Брусэля. Напярэдадні саміту Эўразьвяз — Расея, якія мае адбыцца ў Партугаліі выказваліся эўрачыноўнікі. Сакратар Эўразьвязу па гандлю Пэтэр Мандэльсон заявіў: “Ні Эўразьвяз, ні Расея ня могуць дапусьціць пагаршэньня сувязяў, якія маюць надзвычай важнае стратэгічнае значэньне” Сакратар меў на ўвазе поўную залежнасьць эўрапейскіх краінаў ад расейскіх энэрганосьбітаў. У сувязі з гэтым ён запатрабаваў ад Масквы заканадаўчых гарантыяў. Мандэльсон таксама выказаўся за прыняцьце Расеі ў Міжнародную гандлёвую арганізацыю. Дарадца Хаўера Саляны (начальніка дыпляматычнай службы Эўразьвязу) Карл Халегард быў яшчэ больш шчырым. Ён канстатаваў, што ў ЭЗ няма агульнай палітыкі ў адносінах з Расеяй, а “ёсьць 27 розных палітыкаў”. Што да парушэньняў правоў чалавека ў Расеі (якраз з гэтай прычыны Расею сярод іншага не прымаюць у Міжнародную гандлёвую арганізацыю), то паводле Халегарда: “Ёсьць рэчы, якія ня кажуцца публічна. Але Масква ведае пазіцыю Эўразьвязу”.

Наш камэнтар: Вось такі “марш Мандэльсона”, што гучыць фанфарамі з Брусэля. Перад самітам эўраначальства выштурхнула наперад драбнейшых бюракратаў і сакратароў, якія агучылі пазыцыю сваіх шэфаў. Калі што, то начальнікі заўсёды могуць сьпісаць усё на тэарэтызаваньні дробных падначаленых. А прагучала наступнае (калі фармуляваць ход думак нармальнай чалавечай мовай, а не дыпляматычнымі іерогліфамі). Брусэль прызнае поўную стратэгічную энэргазалежнасьць ад Масквы. Замест таго, каб выправіць становішча і адшукаць новыя крыніцы энэргіі, ЭЗ патрабуе ад Крамля нейкіх напісаных на паперы гарантыяў, што руская дэмакратыя раптам не закруціць пасярод зімы газава-нафтавы вэнтыль на Эўропу. За гэта Брусэль павядзе Расею за ручку ў міжнародную гандлёвую структуру (чаго даўно дамагаецца Масква). Далей — яшчэ весялей. Поўнай энэргазалежнасьці Брусэлю мала. Эўраначальства паставіла перад сабой задачу прымусіць усе 27 краінаў ЭЗ падпарадкоўвацца адной палітыцы ў дачыненьні да Расеі (гэта значыць, палітыцы Брусэля). Найбольш цікава прагучала прызнаньне “дыпляматычнага” маўчаньня Эўразьвязу па пытаньнях ваенных і іншых злачынстваў, якія творыць пуцінскі рэжым. Адным словам, кругавая парука і сакрэтная дыпляматыя. Калі чытаеш такое, то разумееш, што скарумпаваныя Масквой саляны, бэніты і іхныя сакратары вядуць Эўропу да катастрофы, вельмі падобнай на 1938 год. Памятаеце Чэмбэрлена, які пасьля мюнхэнскай змовы з фашыстамі махаў паперкай у лёнданскім аэрапорце і гукаў: Я прывёз вам мір!..”?

Валеры Буйвал