ВЫРАБЛЕНЫЯ АБАРОНЦЫ РЭЖЫМУ Ў РАСЕІ

21 кастрычніка 2007 г. Дацкая газэта “Information” публікуе інтэрв'ю з Сяргеем Філатавым. Яго называюць чалавекам Ельцына, які меў вялікую вагу ў Крамлі. Тытул інтэрв'ю: “Палітыка Пуціна штурхае Расею да фашызма”. Філатаў распавядае, што гэтыя тэндэнцыі пачаліся ў Расеі яшчэ ў 1970-я гады. Маўляў, тады Расея абвінавачвала Паўночны Каўказ і Усходнюю Эўропу, што тыя аб'ядаюць яе, а ўкраінцы абвінавачвалі ў тым жа Расею. Цытуем Філатава: “Тады пачаўся расізм і міжнародная нянавісьць”.

Цяпер Філатаў узначальвае ў Маскве Фонд сацыяльных, эканамічных і інтэлектуальных праграмаў. Ён лічыць, што Крэмль дазваляе дзейнічаць фашыстоўскім і нацыяналістычным партыям. У выніку “Расея аддаляецца ад дэмакратычных прынцыпаў і ідзе ў напрамку больш аўтарытарнай улады”. А прычына ў тым, што “гіганцкай краінай цяжка кіраваць у ненадзейны пэрыяд, калі краіна стаіць перад агромністымі праблемамі — такімі, як дэмаграфічны крызіс і ўсеагульная карупцыя”. Філатаў называе яшчэ адну прычыну фашызацыі (увага, чытач!). Цытуем: “А зьнешняя прычына разьвіцьця ў Расеі заключаецца ва ўмяшальніцтве Захада і асабліва ЗША ў справы шэрагу былых савецкіх рэспублік і іхнае сяброўства ў НАТО”. Філатаў ведае пра гэта, бо зьяўляецца сябрам сумеснай расейска-амэрыканскай камісіі дарадчыкаў, якія абслугоўваюць Буша і Пуціна. На прыканцы інтэрв'ю Філатаў кажа, што “баіцца выбуху ў Расеі, а тады хватка Крамля ў сьвяшчэннай барацьбе супраць тэрарызму можа аслабнуць”.

Наш камэнтар: Чытаючы гэтую эклектычную беліберду, успамінаюцца мясцовыя “экспэрты” ад усіх праблем кшталту Падгола і Карбалевіча. Гэта цэлае мастацтва — нагаварыць з салідным выглядам банальнасьцяў і маны, прыперчыць выступ некалькімі спасылкамі на сапраўдныя факты, а галоўнае — удала сфармуляваць тытул выступу. Так як гэта па-штукарску хватка зрабіў лубянскі інтэлектуал Філатаў. Датчане, пачуўшы зьвязку “фашызм і Пуцін”, пачалі ўважліва ўслухоўвацца і запісваць. А ў выніку што? Ды нічога. Нянавісьць да расейцаў і іхнай імпэрыі, аказваецца, была выклікана не расейскім тэрорам і каляніяльным захопам народаў, а кухоннай спрэчкай, хто каго аб'ядае. Расейскі фашызм магутнее не ў форме афіцыйнага дзяржаўнага гэбізму-пуцінізму, а зьяўляецца паводле Філатава маргінальнай зьяваў, якую талеруе рэжым. На зьнешнім фронце ў фашызацыі Расеі зразумела вінаватыя Захад і ЗША, якія “умешваюцца”. І г.д. І такая крамлёўская марыянэтка выдаецца дацкай газэтай як нейкі “ясновідяшчій” амаль апазыцыянэр. Дурасьць на Захадзе, які ўсюды, на мае межаў.

Юрка Марозаў