ПРЫШЧЭПКА ЧУЖЫХ МІФАЎ

22 кастрычніка 2007 г. Французкая газэта “Le Figaro” друкуе шэраг здымкаў з найноўшай гісторыі Кубы. Галоўным пэрсанажам фоташэрагу зьяўляецца, зразумела, Фідэль Кастра. Пачынаецца фотаанталёгія з фота, дзе падлетак Фідэль стаіць разам з сябрамі ў езуіцкім калегіуме. Праз дзесяцігоддзі малады дыктатар пазіруе з Хрушчовым і Брэжнявым. Ёсьць таксама здымак растралянага ў Балівіі Чэ Гевары. Яшчэ на адным фота — калёна кубінскіх патрыётаў, якіх ўзялі ў палон кастрысты. Увесну 1961 г. патрыёты-антыкамуністы высадзіліся дэсантам на Кубе, калі стала вядома, што дыктатура Кастра абвясьціла Кубу “сацыялістычнай краінай”. Пасьля цяжкіх баёў на Плая Хэрон кастрыстам ўдалося з дапамогай савецкай арміі разграміць дэсант.

Наш камэнтар: Пра Кубу нагадала мне таксама ўчорашняя выпадковая сустрэча на вуліцы ў Менску. Я ўбачыў маладзенькую дзяўчыну, на заплечніку якой ярка сьвяцілася бел-чырвона-белая стужка. Мяне ўразіла, што побач з нацыянальнай сымволікай вісеў даволі вялікі кругляш-значак з профілям Чэ Гевары. На пытаньне аб такім дзіўным суседстве дзяўчына (адукаваная, культурная асоба) пачала тлумачыць па-беларуску, што “Чэ — гэта рамантык-рэвалюцыянэр, яго забілі ворагі” і г.д. Яе вельмі зьбянтэжыла мая ацэнка Чэ як тэрарыста, які забіваў у чужых краінах людзей, праліваў кроў. Яна ня ведала, што яго ня проста забілі па загаду балівійскіх уладаў, а быў суд і прысуд, і балівійскія сяляне не ратавалі кубінскага імпарцёра камунізму (хаця маглі гэта зрабіць). Важна зразумець таксама, што любая, самая дэмакратычная ўлада ў любой краіне дзейнічала б адназначна ў адносінах да групы ўзброеных грамадзянаў-замежнікаў, якія зьдзяйсьнялі б на тэрыторыі дзяржавы ўзброеныя напады і забойствы (а менавіта гэтым кубінскі атрад займаўся ў Балівіі ў 1967 годзе). А галоўнае, у імя чаго зьдзяйсьнялі свае забойствы і сваю “рэвалюцыю” Кастра, Чэ і іжэ зь імі? Пад чырвоным сьцягам бальшавізму, на грошы і пад камандай антычалавечай Масквы. Да чаго яны давялі няшчасны кубінскі народ сваёй “рамантыкай”? — Да галечы, паліцэйшчыны і эканамічнага маразму (на Кубе па картках выдаюць кожнаму грамадзяніну адны штаны на год). Кубінская моладзь на любых падручных сродках імкнецца адплыць-уцячы з Кубы, бо задыхаецца пад антынародным рэжымам. І як гэта “рамантыкі” здолелі ўсталяваць на Кубе ў сто разоў больш змрочную і агідную дыктатуру савецкага тыпу, чым дыктатура Фульгенсіі Бацісты, якую яны скінулі ў 1959 годзе?

Паненка агаломшана слухала мяне. А я імкнуўся навесьці яе на думку, што трэба думаць лагічна, трэба шукаць прычыны і вынікі гістарычных і іншых зьяваў, а не проста паддавацца модзе або міфу. Больш лагічным было б зьмяшчэньне побач з нацыянальнымі колерамі выявы Кастуся Каліноўскага — сапраўднага рэвалюцыянэра-рамантыка, сымвала змагарнага духа беларускай моладзі ўсіх пакаленьняў. Мець ідэал сярод герояў іншых народаў — зусім ня грэх. Але чаму тады абраны прамаскоўскі бальшавік-тэрарыст Чэ? Ёсьць жа ў гісторыі кубінскага змаганьня супраць гішпанскага каляніялізму сьветлыя постаці, што дагэтуль служаць свайму народу за прыклад. Генэрал Гомэс, герой 10-гадовай нацыянальнай вайны за незалежнасьць (1868-78). Ядром беларускіх паўстанцкіх войскаў былі касінэры. У кубінскай народнай арміі былі атрады мачэтэрас (узброеныя вялікімі нажамі-мачэтэ). Альбо Хасэ Марці — вялікі кубінскі паэт і рэвалюцыянэр. Ён натхняў народ на барацьбу сваімі вершамі, высадзіўся з вызвольным дэсантам на кубінскі бераг у 1898 годзе і загінуў у баі супраць акупантаў.

Аднак зразумела, што не сама юная беларуская патрыётка надрукавала і распаўсюдзіла значак з выявай Чэ. Не яна сама прыдумала гэты міф-псэўдаідэал. Заўважана, што пэўныя структуры, ня могучы проста здушыць патрыятычны нацыянальны дух ў сэрцах нашай моладзі, ужываюць больш закручаныя спосабы дэзарыентацыі і дэзінфармацыі маладых. Яны часам робяць гэта так прафэсійна, што і старэйшых грунтоўна заблытваюць. Памятаем, як гадоў 6-7 таму ўсе слупы ў Менску былі заклеяны яркімі налепкамі з выявамі Чэ Гевары, Канфуцыя і цытатамі з гэтых класікаў. Што праўда, сярод налепак была і выява Тадэвуша Касьцюшкі. Такім дэманстрацыйным чынам заявіў пра сваё выйсьце на палітычную арэну “маладзёвы рух” пад назовам “Зубры”. Беларускага героя Касьцюшку арганізатары піяр-акцыі ўблыталі ў эклектычную кампанію з усяго магчымага і немагчымага. Дзеля чаго? А потым дзейнасьць гэтай групоўкі паказала, дзеля чаго. “Зубры” павялі моладзь за маладзёвымі гэбоўскімі правакатарамі: на выбары пад лёзунгам “скажі режіму своё НЕТ” (тады, калі беларусы змагаліся за байкот). Нашкодзілі, заблыталі, паставілі сотні маладых пад удар. І зніклі, дзе яны цяпер?

Ня трэба верыць прыгожым міфам пра заходнюю і лацінаамэрыканскую левізну. Ня трэба ўспрымаць на веру фальшывыя гістарычныя прыклады і ідэалы. Трэба трымацца падалей ад мітусьлівых блытальнікаў і балбатуноў. Праўду можна знайсьці сярод людзей, якія сваім жыцьцём даказалі вернасьць Беларусі.

Валеры Буйвал