ДЗЯДЫ. ШЭСЬЦЕ І МІТЫНГ У КУРАПАТАХ

Сёлета шэсьце і мітынг у Курапатах з нагоды Дзядоў мае адбыцца ў нядзелю 28 кастрычніка.

Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ужо атрымалі дазвол Менаблвыканкаму на мітынг у Курапатах. І цяпер чакаюць адказу менскіх уладаў на заяўку аб правядзеньні шэсьця.

Прэсавы сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал кажа пра традыцыйны маршрут акцыі — ад гадзіньнікавага заводу (пачатак у 11:00) да ўрочышча Курапаты.

“Мітынг у Курапатах дазволены”

“Пройдзе шэсьце ў Менску, і будзе арганізаваны мітынг на тэрыторыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах. Да гэтага часу мы абавязкова адновім, адрэстаўруем паламаны, пашкоджаны вандаламі Крыж пакутаў, які зьяўляецца галоўным элемэнтам у мастацка-вобразнай кампазыцыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах”, — гаворыць Валеры Буйвал.

Сойм іншай Партыі БНФ вырашыў падтрымаць шэсьце і мітынг у Курапатах, якія арганізоўвае Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

28 кастрычніка разам зь імі шэсьцем на Курапаты пойдуць і сябры “грамадзкага аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў”.

(Паводле радыё Свабода)