ШЭСЬЦЕ І МІТЫНГ У ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ПРОДКАЎ ДЗЯДЫ Ў МЕНСКУ

28 кастрычніка Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ правяла ў Менску мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар Дня памяці продкаў Дзяды. На заклік Партыі больш за дзьве тысячы асобаў сабраліся каля Гадзіньнікавага заводу, а потым рушылі шэсьцем праз цэнтар сталіцы. Большасьць удзельнікаў мерапрыемстваў складала моладзь. У гэтым была галоўная станоўчая адметнасьць сёлетніх мерапрыемстваў на Дзяды. Беларускія юнакі і дзяўчаты ішлі разам зь людзьмі сталага веку, з тымі, хто прайшоў праз ГУЛАГ і ўсе жахі расейскай акупацыі. Людзі ішлі пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі, харугвамі з выявай Пагоні і гэрбу Менска, несьлі транспаранты “Не забудзем нявінных ахвяраў расейскай акупацыі!”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй”, “Камунізм да трыбуналу”, “Беларуская Салідарнасьць — наш супраціў расейскай акупацыі”. Юнакі і мужчыны пранесьлі па ўсім шматкілёмэтровым маршруце вялікія крыжы, якія потым былі ўсталяваны на магілах пакутнікаў у Курапатах.

У Курапатах, на тэрыторыі Народнага Помніка “Лес Крыжоў” адбыўся мэмарыяльны мітынг. Быў заслуханы выступ Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — “Нішто ня спыніць Беларусі” (публікуецца). Выступіў намесьнік старшыні Фронту і Партыі сп. Сяргей Папкоў. Ён казаў пра непарыўную сувязь пакаленьняў, угрунтаваную на народнай памяці, на памяці аб нашых драмах і перамогах, нашых пакутніках і героях. Антыбеларускі рэжым самымі жорсткімі мэтадамі спрабуе разарваць гэтую сувязь, каб ператварыць беларусаў у бязмоўны натоўп, які можна пасылаць на катаржную працу ў Сібір. Цяпер ужо рэжым засяляе нашу зямлю прыхаднямі, якія займаюць камандныя пасады ў нашай дзяржаве. А больш за мільён беларускіх мужчынаў, лепшых работнікаў вымушаны працаваць у крымінальнай Расеі, бо ім няма месца на радзіме. Рэжым робіць тое ж, што рабілі саветы і НКВД падчас савецка-маскоўскай акупацыі Беларусі. Русіфікацыя і асіміляцыя беларусаў ідзе поўным ходам і набірае тэмпы ў самых пачварных формах. Нас хочуць пазбавіць душы, роднай мовы, роднай культуры, ператварыць нас у “рускіх” другога, ніжэйшага гатунку. Тут, над сьвятымі магіламі беларускіх ахвяраў мы павінны ўсьведаміць неабходнасьць салідарнага супраціву расейскай акупацыі і асіміляцыі. Беларуская Салідарнасьць — шлях да вызваленьня ад антыбеларускай цемры, шлях да цывілізаванага нармальнага жыцьця ў сваёй роднай краіне.

Выступіў Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі. Ён найбольш спрычыніўся да стваральнай працы ў справе пабудовы Народнага Мэмарыялу ў Курапатах. Кіраваў рэстаўрацыяй пашкоджанага вандаламі Крыжа Пакуты. Удзельнікі мітынгу убачылі адноўлены Крыж Пакуты на сваім месцы — у цэнтры кампазыцыі Народнага Мэмарыялу. Выступоўца распавёў пра народнае рушаньне па ўсёй Беларусі. Людзі зьбіраюць ахвяраваньні на Народны Мэмарыял, ствараюць крыжы і прывозяць іх у Курапаты з самых аддаленых куткоў нашай краіны. Яны ўсталёўваюць іх на магілах пакутнікаў. Агульная кампазыцыя Мэмарыялу ўжо вызначылася, але кожны беларус, кожная сямья можа паставіць тут свой крыж.

Сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Фронту і Партыі на Беларусі, павітаў моладзь, якая актыўна далучылася да сёлетніх Дзядоў. Многія з маладых упершыню прышлі ў Курапаты, цяпер яны ніколі не пакінуць безабароннай нашу нацыянальную сьвятыню. Сьвядомыя людзі ўсіх пакаленьняў салідарна адстойваюць Курапаты ад вандалаў, ад разбурэньня рукамі антыбеларускага рэжыму. Курапаты працягваюцца на нашай зямлі. Нават афіцыйныя газэты паведамляюць пра нябачаную раней статыстыку алкагалізацыі насельніцтва, пра рост крымінальнай злачыннасьці. Яны паведамляюць, што жудасная статыстыка назіраецца ў апошнія 10-13 гадоў. Давайце ўдакладнім: працэс маштабнага зьнішчэньня нашага народу пачаўся з 1994 года, калі ўладу ў краіне забрала пастаўленая Масквой групоўка. Усе гэтыя гады групоўка выконвае маштабную праграму па ліквідацыі беларусаў як нацыі. Ім трэба падарваць фізічныя сілы народу, збэсьціць беларусам душу, падавіць нашу волю да супраціву. Усім народам, усімі пакаленьнямі нам трэба супрацьпаставіцца гэтай варожай навале, якая накаціла на Беларусь з усходняй дэспатычнай імпэрыі. Мы не дазволім, каб маскоўскія акупанты зноў расстрэльвалі беларусаў у Курапатах. Гляньце, што яны твораць у Чачэніі. Нядаўна ў Эўрапарляманце ў Брусэлі была арганізавана фотавыстава аб зьверствах расейскага ФСБ і расейскай арміі на Каўказе. Яны пераўзышлі злачынствы нямецкіх фашыстаў. І да гэтай Расеі нас заклікае далучацца і інтэгравацца прамаскоўскі рэжым і прадажная прамаскоўская псэўдаапазыцыя? Няхай яны самы едуць да сваіх гаспадароў і далучаюцца да іх. У вызваленай ад дыктатуры Беларусі абавязкава будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці тыя, хто цяпер разбурае нашу дзяржаву, хто зьнішчае нашу культуру і мову, хто аддае злачынныя загады і выконвае іх. Нашай працай, нашымі агульнымі намаганьнямі будзе нармалізавана жыцьцё на Беларусі. Будучыня нашай краіны прыўкрасная і сьветлая.

Мэмарыяльны мітынг грамада распачала і скончыла сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”. Людзі ўсталявалі новыя крыжы на магілах пакутнікаў, запалілі сьвечкі і зьнічы, усклалі кветкі да крыжоў.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

28 кастрычніка 2007 г.