ВІЦЕБСК: ДЗЯДЫ АДЗНАЧЫЛІ Ў ПАСТАРУНКУ І Ў СУДЗЕ
Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у лесе каля вёскі Паляі супрацоўнікі НКУС праводзілі масавыя расстрэлы. Таму на гэтым месцы прадстаўнікі палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў праводзяць жалобныя імпрэзы ды ўсталёўваюць крыжы.
Сёньня міліцэйская машына пад'ехала на аўтастаянку сьледам за аўтобусам, на якім прыехалі актывісты. Супрацоўнікі міліцыі забаранілі разгортваць бел-чырвона-белыя сьцягі, заявіўшы, што інакш затрымаюць усіх за незаконнае пікетаваньне.
Міліцыянты рабілі відэазапіс таго, як на ўзьлеску актывісты ўсталёўвалі крыж, а потым выступалі з прамовамі ды сьпявалі гімн “Магутны Божа”.
Усталяваўшы крыж, прысутныя меркавалі адведаць могілкі ў вёсцы Друкава, дзе пахаваны былы старшыня Віцебскай гарадзкой рады Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Плешчанка, а таксама зьезьдзіць на могілкі ў вёсцы Копці, на магілу ягонага аднапартыйца Рамана Салаўяна. Аднак намесьнік начальніка РАУСу Віцебскага раёну Аляксандар Ліленка загадаў кіроўцу аўтобуса везьці пасажыраў у іншы бок — у пастарунак. Маёр Ліленка абвясьціў, што ўсе затрыманыя за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, у тым ліку трое прысутных журналістаў.
У пастарунку міліцыянты перапісалі асабістыя дадзеныя затрыманых. Журналістам сказалі, што яны могуць быць вольныя, а астатніх затрыманых разьмясьцілі ў актавай залі.
Складаньне пратаколаў ды запіс тлумачэньняў зацягнуліся на некалькі гадзін. Для большай часткі прысутных гэта было першае затрыманьне, і наконт таго, як паводзіць сябе ў гэтай сытуацыі, іх кансультаваў праваабаронца Леанід Сьвецік. Тое, што затрыманьне супярэчыць канстытуцыйным правам асобы, спрабаваў давесьці і прафэсійны юрыст Канстанцін Баландаў. Але міліцыянты ня сталі яго слухаць.
Зразумеўшы, што час арэнды аўтобусу скончыцца раней, чым усіх дапытаюць, актывісты вырашылі арганізаваць памінаньне продкаў проста ў пастарунку — калі ўжо міліцыянты не дазволілі ім зрабіць гэта на могілках. На сцэне з гэтае нагоды ўсталявалі бел-чырвон-белы сьцяг.
Раз-пораз у актывую залю заглядалі міліцыянты з РАУСу, і потым перапытвалі адно ў аднаго, што тут адбываецца: чаму ў аддзяленьні стаяць жалобныя вянкі са стужкамі і нейкія людзі нешта ядуць. Даведаўшыся, што ніхто з супрацоўнікаў не памёр, проста затрыманы цэлы аўтобус з апазыцыянэрамі, якія ехалі на могілкі, міліцыянты дзівіліся ды ішлі па сваіх справах.
Празь дзьве з паловай гадзіны намесьнік начальніка РАУСу Аляксандар Ліленка загадаў адпусьціць усіх затрыманых, сказаўшы, што пратаколы пра правапарушэньне будуць складзеныя толькі на тых, хто трымаў сьцягі ў часе акцыі. Адказнасьць за арганізацыю імпрэзы ўзяў на сябе Барыс Хамайда. Ён прапанаваў, каб дакумэнты ў суд рыхтавалі толькі на яго аднаго. Але міліцыянтаў такая прапанова не задаволіла.
У суд Віцебскага раёну былі дастаўленыя Барыс Хамайда, выканаўца абавязкаў старшыні гарадзкой Рады КХП БНФ Ян Таўпыга, беспартыйныя актывісты Сяргей Каваленка, Сяргей Белазека, а таксама Зьміцер Якаўлеў — юнак, які ўпершыню трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг і ўвогуле ўпершыню трапіў на грамадзкую акцыю.
Пяцёра затрыманых яшчэ колькі гадзінаў былі вымушаныя знаходзіцца ў пастарунку, пакуль не знайшлася вольная міліцэйская машына. Паводле сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Паўла Левінава, іх увогуле маглі пакінуць да раніцы ў ізалятары часовага ўтрыманьня, таму ён пачаў тэлефанаваць у абласную управу, патрабуючы знайсьці машыну дзеля адпраўкі затрыманых у суд.
Судовыя працэсы распачаліся каля 6-й вечара. Судзьдзя Тацяна Ліпская прысудзіла Яну Таўпыгу і Барысу Хамайду штрафы памерам 20 базавых велічыняў або 620 тысяч рублёў кожнаму.
На здымку: Аштрафаваныя Ян Таўпыга (зьлева) і Барыс Хамайда
Суды над Зьмітром Якаўлевым і Сяргеем Каваленкам працягнуцца заўтра, Сяргея Белазеку будуць судзіць 6-га лістапада.
(Паводле Радыё Свабода)