РАЗВАЖАНЬНІ ПАСЬЛЯ ДЗЯДОЎ

Мэмарыяльныя мерапрыемствы 28 кастрычніка прадэманстравалі беларускі характар традыцыйных Дзядоў. Шэсьце па вуліцах Менска і мітынг у Курапатах сабралі (як звычайна) больш за дзьве тысячы людзей. Але цяпер было шмат моладзі, якая масава далучылася да старэйшых і ўнесла ў мерапрыемствы новую энэргію. Над шэсьцем луналі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі.

Арганізатар мерапрыемстваў — Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ — зьвярнулася (наколькі дазволілі цяперашнія інфармацыйныя магчымасьці) да ўсіх грамадзянаў краіны з заклікам прыняць удзел у мэмарыяльных падзеях. Прышлі і тыя, якіх мы даўно ня бачылі на Дзядах. (Яны зусім нядаўна шыхтавалі людзей і вялі іх “евромаршем” на бангалорскае балота пад сінімі небеларускімі сьцягамі, наладзілі шэраг “карцінак” для Брусэля.) Яны сталі пасярод калёны і асабліва нікому не трапляліся на вочы. І гэта добра. Мы вітаем тут усіх беларусаў.

Але вось што цікава. Ім не давалі спакойнага жыцьця фота-, тэле-, радыё- і іншыя журналісты. Пазьней мы пазнаёміліся з трактоўкай падзеяў некаторых мясцовых мастроў “інфармацыі”. Шэраг СМІ (у тым ліку “незалежныя” і “дэмакратычныя”) зьмясьцілі наперад ацэнкі, развагі, тэарэтызаваньні і партрэты нядаўніх арганізатараў правальнага “евромарша” (В. Вячоркі, В. Івашкевіча і інш.) З тэксту і кантэксту чытач-слухач, напэўна, вынес перакананьне, што менавіта гэтыя асобы “былі душой мэмарыяльных мерапрыемстваў”, што “без іх нічога не адбылося б” і г.д. (Любімы прыёмчык любой дэзінфармацыі.)

Арганізатары Дзядоў не крыўдуюць на журналістаў — “праца такая”. Урэшце рэшт важней за ўсё, што насельніцтва даведаецца: беларусы не забываюць аб Курапацкай сьвятыні. І ўсё ж цікава, чаму былі такія акцэнты і такая інтанацыя?

На наш погляд, усё гэта — водгукі легендарнага чырвонага вядзерка і жоўтых савочкаў, якія прадстаўнікі студэнцтва паднесьлі арганізатарам “евромарша” на іхнай пасьлямаршавай прэс-канфэрэнцыі. Канфуз быў настолькі нештодзённым, што спатрэбіліся намаганьні пэўнага журналісцкага асяроддзя, каб іх “цягнуць з балота”, як сфармуляваў гэта адзін расейскі дзіцячы клясык.

Магчыма, што асобам, якія абзывалі беларусаў “рабамі” і “недаразьвітымі”, сталася патрэба любым коштам (толькі не выбачэньнем) адваёўваць назад страчаны на грантах грамадзкі аўтарытэт. Яны заблыталіся ў мане і тандэтнай тэатральшчыне. Зь іх сьмяюцца разумныя беларускія юнакі і дзяўчаты. Таму яны зноў шукаюць інфармацыйнага паратунку ў засені Бел-Чырвона-Белага Сьцяга. Гэта, вядома, пахвальна. Але мы бачым такі тэатр не ўпершыню. І як цяпер паверыць у іхную шчырасьць?

Янка Базыль