ДЫКТАТАРЫ І ІХНАЯ “АПАЗЫЦЫЯ”

5 лістапада 2007 г. Гішпанская газэта “El Mundo” публікуе артыкул пад тытулам “Чырвонае мора “Si” у Каракасе”. (Si — значыць “так” па-гішпанску). Улады сабралі ў цэнтры сталіцы Вэнэсуэлы шэсьць тысячаў у асноўным маладых людзей. Усе апранутыя ў чырвоныя колеры і з чырвонай сымволікай маршыруюць па авэніда Балівар у падтрымку “рэфэрмаў” прэзыдэнта Уга Чавэса, які мяняе канстытуцыю, каб застацца на яшчэ адзін тэрмін пры ўладзе.

Наш камэнтар: Мэтад той жа, што ў менскіх бэрэсэмаў і маскоўскага пуцін-югенда. Усіх прывозяць па разнарадцы, апранаюць у “форменную вопратку”, даюць у рукі чырвоныя шматы і арганізавана вядуць крычаць сваё “так” дыктатуры. Нагадаем, што ў апошнія дні патрыятычная вэнэсуэльская моладзь магутнымі дэманстрацыямі па 20 тысячаў чалавек некалькі разоў прарывалася да будынку парляманта і пратэставала супраць Чавэса і ягоных парушэньняў канстытуцыі. Рэжымная маладзёвая масоўка была арганізавана дыктатарам якраз дзеля таго, каб фальшыва супрацьпаставіць арганізаванае шоў падстаўных стыхійным выступам сапраўднай змагарнай моладзі.

У Менску рэжым зайшоў яшчэ далей у прафанацыі народных пратэстаў. Адыёзныя асобы з прамаскоўскай псэўдаапазыцыі (пад камандай камуніста С. Калякіна) у чарговый раз вадзілі беларускую моладзь на балота Бангалор на “сацыяльны марш”. Сярод камуністычных крывавых сьцягоў былі рассеяныя Бел-Чырвона-Белыя сьцягі ў блюзьнерскім імкненьні зганьбіць сьвяты нацыянальны Сьцяг. З В. Івашкевіча (які прэтэндуе стацца новым лідэрам вінцукоўскага “псэўда-БНФ”) з дапамогай рэжыму ў гэты дзень актыўна ляпіўся “менскі Гаўрош”. Гаўрош вадзіў за сабой купку моладзі ажно пад помнік Леніну на пл. Незалежнасьці — і хоць бы што, ніхто яго не чапаў. Такім чынам, ён выстаўляўся ў выглядзе нейкай “альтэрнатывы” Калякіну і іншым. Трэба павучыцца Чавэсу ў менскіх падстаўных, якія заводзяць людзей у дрыгву.

Юрка Марозаў