РАКЕТЫ

14 лістапада Масква абвясьціла пра ўвядзеньне на Беларусь магутнай зьнішчальнай (і зусім непатрэбнай беларусам) зброі. Генэрал Зарыцкі, начальнік ракетных войскаў і артылерыі РФ, заявіў: “Пастаўка апэратыўна-тактычных комплексаў “Іскандэр” на Беларусь стане асімэтрычным адказам на пляны ЗША па стварэньню трэцяга базавага раёна супрацьракетнай абароны на эўрапейскім кантынэнце”. Такім чынам наша краіна становіцца закладніцай расейскай ваеншчыны, якая выконвае загад Крамля-Лубянкі на ваенную канфрантацыю з заходняй цывілізацыяй.

Зьдзяйсьняецца тое, аб чым сябры Фронту і патрыёты Беларусі ўвесь час папярэджвалі заходнія ўрады і грамадзтвы: тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца Масквой як трамплін для ваеннай пагрозы заходнім краінам, як плацдарм, брутальна вырваны з эўрапейскага кантэксту і аддадзены маскоўскаму агрэсару. Магутныя ракеты будуць падсунуты на 500 кілёмэтраў бліжэй да эўрапейскіх гарадоў. І гэта толькі пачатак. А брусэльская намэнклятура, эўрапейскія СМІ і палітыкі працягваюць бессэнсоўныя гульні з падстаўной менскай псэўдаапазыцыяй, робяць выгляд, што нібыта змагаюцца за дэмакратызацыю Беларусі. Яны ўсё тэарэтызуюць пра “збліжэньне апазыцыя з уладамі”, “дэмакратычныя выбары” і “лідэра, акцэптабельнага як у Брусэлі, так і ў Маскве”. Эўрпалітыка давядзе да няшчасьця эўрапейскія народы. Але ў чарговы раз палітпрайдзісьветам ужо ня ўдасца пабудаваць эўракамфорт, аддаўшы ў маскоўскі палон беларускі народ.

Янка Базыль