87-Я ЎГОДКІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ

25 лістапада сябры і прыхільнікі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ правялі палітычную акцыю на Случчыне ў гонар 87-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Акцыя адбылася пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі, гэрбам “Пагоня” і транспарантамі “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!”, “Беларуская Салідарнасьць — наш адказ расейскай агрэсіі”, “Слава героям Слуцкага Збройнага Чыну!”.

Менчукі праехалі на аўтобусе на мясьцінах, дзе ў лістападзе-сьнежні 1920 г. Беларуская Народная Армія змагалася за незалежнасьць Беларусі, абараняючы нашу зямлю ад расейска-бальшавіцкай агрэсіі. Мітынгі і шэсьці адбыліся ў Грозаве, Семежаве, Вызьне (цяпер Чырвоная Слабада) і ў гістарычным цэнтры Слуцка. Да менчукоў далучыліся мясцовыя жыхары і сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ з Слуцка і сябры “Маладога Фронту” з г. Салігорску. Людзі, сьпявалі ваярскія гімны, ускладалі кветкі і вянкі да крыжоў на магілах герояў і месцах баёў, запальвалі зьнічкі і сьвечы, маліліся.

На мітынгах выступалі намеснікі старшыні Фронту і Партыі Юрый Беленькі, Сяргей Папкоў, адказны сакратар Управы Фронту і Партыі Алесь Чахольскі. Была выказана ўдзячнасьць жыхарам вёсак Грозаў і Семежава за захаваньне і дагляд за крыжамі, якія ўсталяваныя ў памяць Слуцкіх Герояў. У прамовах выступоўцаў была адзначана, што для сучасных беларусаў, дарослых і моладзі, Слуцкі Збройны Чын зьяўляецца прыкладам змаганьня супраць расейскага імпэрскага акупанта. Гэта вельмі актуальна ў цяперашні час, калі гэбоўска-пуцінская імпэрская хэўра вядзе эканамічную, сацыяльную і інфармацыйную вайну супраць нашай краіны. У Расеі мільёнамі вымірае няшчасны народ, жыруе толькі лубянская і алігархічная эліта. Там ужо няма каму пампаваць газ і нафту, працаваць на Поўначы і ў Сібіры, служыць ў іх варварскай арміі. Вось туды, за тысячы кілёмэтраў ад роднага дому яны й зьбіраюцца накіраваць беларусаў, нашых работнікаў, інжынэраў, нашу моладзь. Змагарныя Случакі дакладна сьведчаць, што галоўны вораг беларусаў гэта імпэрская Масква. Ня можа забойца нашага народа быць саюзнікам і тым больш сябрам.

Мэрапрыемствы завяршыліся мітынгам і сьпяваньнем гімну “Магутны Божа” перад гістарычным будынкам у Слуцку, у якім адбыўся Зьезд Рады Случчыны ў лістападзе 1920 года.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

26 лістапада 2007 г.