ТЭЛЕВІЗІЙНАЕ БЛЮЗЬНЕРСТВА Ў КУРАПАТАХ

Нагадзіць у сьвятым месцы, такі ёсьць зьмест усялякага вандальнага кашчунства. 22 сьнежня адбыўся чарговы акт блюзьнерства ў Курапатах. Гэтым разам вандалы не хаваліся ад людзей і актыўна задзейнічалі ў блюзьнерскім чыне дзяцей. Каля 16:00 увечары людзі ўбачылі над тэрыторыяй Народнага Мэмарыялу ахвяраў генацыду беларускага народу яркія ўспышкі электрычнага сьвятла і здалёк пачулі расейскую музыку і сьпевы — “весёлые і задорные”.

Аказалася, што тэлегрупа Першага канала БТ здымала кліп. Рэжысёрка паведаміла, што “снимается клип для новой передачи “Наша пятёрочка” на канале “ЛАД”, которую ведёт Ксения Ситник”. Тэлетэхніку і брыгаду прыгналі ў Курапаты і пачалі здымкі у падземным пераходзе, які вядзе непасрэдна да магілаў беларускіх пакутнікаў. Арганізатары ўпадабалі “этот пустынный переход, где нам никто не мешает...” На працягу дзьвюх гадзінаў каля крыжоў і магілаў раўла расейская папса, чуліся сьмех і тупаньне школьніц. Сюжэт стане фрагмэнтам новай праграмы, якую разгарне антыбеларускае тэлебачаньне.

Весьці праграму паставілі школьніцу Ксенію Сітнік. Памятаем, як пару гадоў таму яна зрабілася пераможцай дзіцячага конкурсу песьні Эўрабачаньня з “істінно русской песней із Белоруссіі”. Няшчаснае дзіця на працягу апошніх гадоў зрабілася прадметам, якім актыўна карыстаецца русіфікатарская хунта. На жаль, бацькі “певіцы” ня бачаць і не разумеюць духоўнага разбурэньня свайго дзіця. Малая Ксенія актыўна здымаецца ў розных кліпах (зноў жа там усё па-расейску), дзе яе прадстаўляюць нейкай дзівай, за якой ганяюцца паклоньнікі (малыя хлапчукі, пераапранутыя ў лётчыкаў, бінэсмэнаў і г.д.). Падобна, што безгалосую К. Сітнік хочуць апэратыўна ператварыць у копію сумнавядомай расейскай Ксюшы Сабчак.

Выраблены цынізм і гнюснасьць усё больш выразна становяцца прыкметамі русіфікатарскага пэрыяду беларускай пэдагогікі.

Янка Базыль