НА ЎСХОДЗЕ НОВАЯ РЭАЛЬНАСЬЦЬ

29 сьнежня 2007 г. Латвійская газэта “Diena” піша, што ў сувязі з пашырэньнем шангенскай бязьвізавай зоны злачынцы пасьля зьдзяйсьненьня злачынства ў Швэцыі будуць хавацца ў Эстоніі.

Наш камэнтар: Вядома таксама, што нямецкае насельніцтва масава закупляе і ўсталёўвае ў сваіх дамах браніраваныя дзьверы і новыя замкі. Немцы чакаюць нашэсьця злодзеяў і жулікаў з Усходу. Вядома, аднак, што калі з волі брусэльскага начальства выламаны брамы нацыянальных дзяржаваў, то ў сваім маёнтку не схаваешся ад злачынцаў. Уся гэта заходняя сумесь эйфарыі і страху з нагоды шангенскай рэформы і на фоне ўсё больш шчыльнай ізаляцыі беларускага народу ад Эўропы выклікае ў душы горкія пачуцьці. Заходнікі ў чарговы раз вырашылі пакінуць наш народ у палоне маскоўскіх злачынцаў, а для сабе наладзіць вясёлы і бесклапотны карнавал. Гісторыя мінулага і ўсіх папярэдніх стагоддзяў паказала, аднак, што такія паводзіны заўсёды заканчваліся для Эўропы чарговай драмай.

Алесь Хадасевіч