УЧЫНКІ БАГАТЫХ І ПАВОДЗІНЫ ПОДЛЫХ

11 студзеня 2008 г. Ангельская газэта “Guardian” паведамляе, што ў 88-гадовым узросьце памёр Эдмун Хілары. Новазэландскі мільянэр уславіўся тым, што першым з людзей ускараскаўся на Эвэрэст у 1953 г.

Наш камэнтар: Гэтую сумную інфармацыю паведамляюць СМІ усяго сьвету. Тэлеканалы паказваюць, як малады Хілары трыюмфальна вяртаецца на радзіму. Побач зь ім на ўсіх сьвяткаваньнях праваднік Наргай з народнасьці нэпальскіх шэрпаў, які правёў альпініста па цяжкім шляху на самую высокую вяршыню сьвету. З тае пары на працягу дзесяцігоддзяў Хілары сябраваў з шэрпамі, будаваў для горнага народу шпіталі і школы. У 2003 г. ён стаў ганаровым грамадзянінам Нэпала. Творчы чалавек ведаў, куды яму накіраваць свае багацьці. Ён не падобны на шэраг заходніх даляравых мяхоў ды галівудскіх зорак, якія загадваюць перафарбаваць некалькі міляў марскога пяску каля сваёй вілы або наладжваюць вясельлі на 2-3 мільёны даляраў. Пасьля таго, як Беларускі Народны Фронт адкрыў сьвету праўду пра чарнобыльскую бяду, многія людзі на Захадзе адгукнуліся на наш заклік аб дапамозе. У тым ліку дапамагалі і вельмі багатыя асобы. Нават аддавалі для групаў беларускіх дзяцей на час вакацыяў свае маёнткі і замкі ў Швэцыі, Брытаніі, Італіі. Замест удзячнасьці антыбеларускі рэжым зрабіў усё, каб праваліць і спыніць праграмы гуманітарнай дапамогі. Прадстаўнікі адміністрацыйных уладаў, мытні, памежных службаў абкладалі дабрачынцаў падаткамі і штрафамі, хамілі і зьневажалі іх. Рэжым расставіў на кіраваньне большасьцю дабрачынных арганізацыяў “своіх ребят” — былых і дзейсных афіцэраў КГБ і міліцыі, іхных сваякоў. Напрыклад, дырэктарам беларускага аддзяленьня элітнага міжнароднага клюбу “Rotari” быў прызначаны менскі пэнсіянэр — былы пасол СССР у Бангладэш (гэбоўская “выбарка”). На працягу двух гадоў “выбраныя” раскралі больш за 45 тысячаў даляраў гуманітарнай фінансавай дапамогі з-за мяжы. Гуманітарная дапамога актыўна прысабечвалася гэтай публікай. Намаганьнямі рэжыму гуманітарныя праграмы ў Беларусі практычна ліквідаваныя.

Алесь Хадасевіч