АВАРЫЯ НА ЧАЭС, СТОЛІНСКІ ПАЛІГОН, РАДЫЯЦЫЯ — БЕЛАРУСЬ...

Звычайна прынята лічыць, што на Беларусь, няшчасьці прыносілі войны і ў апошні час — аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Гэта сапраўды страшна — войны, Чарнобыль... Аднак, ці страшна тое — пра што чалавек ня ведае, але яно існуе і спакваля забівае яго? Забівае павольна, на працягу яго жыцьця, ня толькі яго, але і ягоных нашчадкаў...

Часта складваецца так, што фрагмэнтальныя веды, па тых ці іншых момантах пэўных падзеяў, раптоўна пачынаюць вымалёўвацца ў карціну, карціну нечакана жудасную, якая была і ёсьць рэчаіснасьцю нашага беларускага жыцьця і старанна хаваецца прарасейскай уладай ад людзей.

Напрыканцы 60-х, у шэрагу навуковых установаў, біялагічнага профілю (тагачаснай БССР), былі створаныя радыёлагічныя аддзелы (лабараторыі). Ад самага пачатку, іх дзейнасьць у пэўнай ступені была засакрэчаная. Гэта здавалася зразумелым у тых ідэалягічных варунках — “варожае атачэньне”, у якім знаходзіўся СССР. Інтарэсы сацыялістычнага лягера, магчымая ядзерная вайна, і, таму, маўляў, патрэбна было да гэтага рыхтавацца адпаведным чынам — ажыцьцяўляць неабходны дазімэтрычны кантроль, у выпадку неабходнасьці (г. з. ядзернага нападу з боку Захаду і ЗША на СССР) сачыць за станам навакольнага асяроддзя чалавека, жывёлай, расьлінамі, глебай, прадуктамі харчаваньня і г.д. Ну, а паколькі вайны яшчэ не было, праводзіліся навуковыя дасьледваньні. Праўда, у абсалютнай большасьці выпадкаў, яны былі таксама засакрэчаныя. Аднак, людзі ёсьць людзі — яны цікаўныя, асабліва калі гэта тычыцца нечага новага, незвычайнага. І тутака людзі, тым больш навукоўцы, якім звычайна трэба “абкатаць” пэўную навуковую думку з калегамі ці проста падзяліцца сумненьнямі і высновамі, міжволі выяўлялі інфармацыю пра сваю сакрэтную працу.

Напрыканцы 70-х, на пачатку 80-х гадоў, ў гэтых радыёлагічных аддзелах на Беларусі, вывучалася распаўсюджваньне некаторых радыёнуклідаў на тэрыторыі БССР. Такі падыход тлумачыўся наступствамі шматлікіх ядзерных выпрабаваньняў ў сьвеце і неабходнасьцю ўдакладненьня глабальнага распаўсюджваньня радыёізатопаў (у прыватнасьці на тэрыторыі Беларусі). Варта адзначыць, што навуковыя справаздачы з радыёлагічных аддзелаў (лабараторыяў) навуковых установаў тагачаснай БССР адсылаліся ў Маскву, а ўся рабочая інфармацыя (нават чарнавікі), зьнішчалася сакрэтнай часткай (КГБ), якая існавала ў кожнай навуковай установе. Зразумела, што ў такіх умовах нешта захаваць можна было толькі нелегальна, праўда яшчэ існавала памяць, якую асабліва не пракантралюеш...

Зараз я хацеў бы зрабіць невялічкае адступленьне, якое далей дапаможа зразумець хаду падзеяў. Зьвяртаю ўвагу на такую акалічнасьць, як “шматлікія ядзерныя выпрабаваньні”, якія праводзілі СССР, ЗША, Кітай. Патрапіўшы ў атмасфэру, радыёактыўнасьць (тонкадыспэрсныя часьцінкі) паступова выпадаюць на Зямлю. А ўвогуле, атмасфэра ўтрымлівае гэтую антрапагенную радыёактыўнасьць ад некалькіх месяцаў да 2-3 гадоў. У сувязі з гэтым адзначым, што радыёактыўнае забруджваньне атмасфэры і выпадзеньне прадуктаў забруджваньня рэгістравалася (і рэгіструецца) шмат якімі краінамі сьвету. Таму, калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, шэраг эўрапейскіх краінаў абвясьціў пра забруджваньне сваіх тэрыторыяў прадуктамі аварыі згаданай станцыі, пра што было дастаткова інфармацыі ў СМІ.

Велізарныя адлегласьці не перашкаджалі пераносу радыёактыўнасьці, якая ўтрымлівалася ў атмасфэры. Так напрыклад, вынік аварыі на ЧАЭС у выглядзе забруджваньня атмасфэры і, адпаведна, радыёактыўных ападкаў зарэгістравалі ўсе метэастанцыі Арктыкі... Згодна дадзеных гэтых мэтэастанцый, найвялікшая колькасьць радыяцыі ўтрымлівалася ў ападках на працягу травеня — чэрвеня 1986 г., пасьля чаго назіралася яе зьніжэньне.

Я зрабіў гэтае невялічкае адступленьне дзеля таго, каб узгадаць і растлумачыць, што найперш тыя, хто працаваў у Чарнобыльскай зоне (навукоўцы) вялі гаворку пра тое, што чулі неафіцыйна. Менавіта: дзеля ратаваньня шэрагу гарадоў Расеі (і найперш Масквы), ад выпадзеньня радыёактыўных ападкаў, вайсковая авіяцыя апрацоўвае аблокі над тэрыторыяй Беларусі пэўным хімічным рэчывам, што выклікае ўтварэньне дажджоў і адпаведна іх выпадзеньне на беларускую зямлю. З дажджамі выпадае і значная частка радыёактыўных ізатопаў, якія ўтрымліваліся ў атмасфэры і патрапілі туды ў выніку аварыі на ЧАЭС. Зразумела, што на афіцыйным узроўні партыйна-савецкае кіраўніцтва, як і навуковае, гэта ўсё рашуча адмаўлялі. Адпаведна, адмаўляе гэта і сёньняшняе прарасейскае кіраўніцтва рэжыму на Беларусі.

22-га красавіка 2007 г. у эфір тэлеканала “BBC-2” выйшаў дакумэнтальны фільм “Навука пра супэрштормы”. У фільме прыведзены словы расейскага маёра Аляксея Грушына аб тым, што ён удзельнічаў у апэрацыі, мэтай якой было стварэньне штучных ападкаў над Чарнобыльскай зонай, каб вымыць з атмасфэры радыёактыўныя часьцінкі і ня даць ім распаўсюдзіцца ў бок буйных расейскіх населеных пунктаў і найперш Масквы. Лётчык таксама распавёў якое хімічнае рэчыва яны выкарыстоўвалі.

Пасьля непрацяглага маўчаньня, з боку расейскіх СМІ былі таксама дадзены нэўтральныя камэнтары, якія хутка скончыліся і пайшла хваля высьмейваньня словаў сьведкаў (непасрэдных удзельнікаў згаданай апэрацыі) і іх абвяржэньня (нягледзячы на тое, між іншым, што ў расейскім друку пра гэта і пра Грушына таксама напісалі якраз у гэты час, толькі з імпэрскіх пазыцыяў — маўляў, добра рабілі). Але самае цікавае, што падобным яднаньнем з расейцамі (у адмаўленьні словаў сьведкаў) адмеціліся і беларускія СМІ. Пры гэтым выкарыстоўвалася звычайная хлусьня. Так напрыклад, у інтэрв'ю “Белорусским новостям” адзін з тагачасных навуковых і гаспадарчых беларускіх кіраўнікоў сказаў, што пасьля аварыі на ЧАЭС па распараджэньні ўладаў, адпаведныя службы... “сдерживали образование дождевых туч в течение месяца, может быть, даже больше” (Гэта пры тым, што згаданыя хімічныя рэактывы, якія выкарыстоўвалі расейскія лётчыкі, здольныя толькі выклікаць ападкі, таму іх і распылялі).

Няма ахвоты паўтараць тыя “аргуманты” якімі карысталіся і карыстаюцца абвяргацелі вядомых падзеяў, гэтыя “аргуманты” не вытрымліваюць ніякай крытыкі і сьведчаць толькі пра адно — жаданьне схаваць злачынствы Расейскай імпэрыі супраць беларускага народа.

Працягваючы развагі, заўважым — адкуль на беларускай зямлі радыяцыя і тыя радыяцыйныя дачарнобыльскія плямы, пра якія даведваліся беларускія навукоўцы? (Тое, што гэтыя плямы, ёсьць наступствам ядзерных выпрабаваньняў на Семіпалацінскім палігоне ў Расеі і на Новай Зямлі навукоўцамі не пацьвярджалася, бо плямы мелі неадпаведна высокі ўзровень радыёактыўнасьці). Стаўлю гэтае пытаньне, у тым ліку згадваючы інтэрв'ю прафэсара Ю. Бандажэўскага “Нашай Ніве” ад 23 красавіка 2007 г. Прафэсар казаў — “Ад пачатку 60-х гадоў былі зарэгістраваныя значныя колькасьці радыёнуклідаў Cs-137 у мясе і малацэ шэрагу раёнаў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей.” І далей “Я ўжо згадваў пра тое, што тэрыторыя Беларусі задоўга да Чарнобыльскай катастрофы была забруджаная радыёнуклідамі Cs-137. У кнізе “Глобальные выпадения Cs-137 и человек”, якая выйшла ў 1974 г. акурат падаецца так званая “малочная мапа” забруджваньня раёнаў Гомельскай і Берасьцейскай вобласьцяў, у тым ліку Століна і Пінска..”

Адкуль жа гэтае забруджваньне? Пуск першага рэактара Чарнобыльскай АЭС ім. Леніна адбыўся ў 1977 г., а тутака радыяцыя ад пачатку 60-х...

Ізноў варта прыгадаць, што ў 1962 годзе на беларускай зямлі паўстаў Столінскі (Мерлінскі) палігон, які быў створаны саветамі для падрыхтоўкі лётчыкаў і артылерыстаў. Пры стварэньні палігону былі гвалтоўна выселеныя жыхары Мярлінскіх хутароў, Храпуня, Вэлья, Колкаў і шмат якіх іншых паселішчаў. Ад пачатку існаваньня палігона цішком казалі пра тое, што тамака выпрабоўвалася тактычная ядзерная зброя. Вядома ж гэта абвяргалася ўладамі. Але ці магчыма было такое схаваць? (Маю на ўвазе наступствы выпрабаваньня тактычнай ядзернай зброі на Беларусі). Мяркую, што не. Хаця савецкая ўлада імкнулася гэта зрабіць. Аднак у злачынных выпрабаваньнях сумнявацца не даводзіцца.

Варта дадаць, што адным з існуючых сродкаў, пэўнага зьнішчэньня сьлядоў радыёактыўнага забруджваньня — ёсьць пераварочваньне ворыўнага гарызонту глебы, што даволі шырока рабілі ў час ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС на сельскагаспадарчых угоддзях, каб заглыбіць выпаўшыя радыёнукліды. Пераварочваньне (перамешваньне), верхняга слою глебы, ёсьць звычайнай зьявай у час правядзеньня меліярацыі, якая тады ў 60-я гады і пазьней, шырока распачалася на абшарах Берасьцейшчыны і Гомельшчыны. Наколькі час правядзеньня меліярацыі, зьвязаны з наступствамі дзейнасьці Столінскага палігону? Пакуль няма адказу на гэтае пытаньне.

Варта ўзгадаць некаторыя падзеі, якія адбываліся ў час працы ў Чарнобыльскай зоне неўзабаве пасьля аварыі ў некаторых раёнах Гомельскай вобласьці. Даводзілася нам шмат займацца радыёлагічным кантролем глебы, расьлінаў. Было нечаканым (у прыватнасьці ў вёсках Петрыкаўскага, Ельскага раёнаў), што часта забруджанымі аказваліся тыя прадукты харчаваньня (гуркі, грыбы, сочыва...), якія нарыхтавалі людзі летась і, якія захоўваліся ў склепах і лёхах, куды ніяк не магло патрапіць радыёактыўнае забруджваньне ад аварыі на ЧАЭС у 1986 годзе.

Зараз няма магчымасьці правесьці неабходныя дасьледваньні і паказаць — якое радыяцыйнае забруджваньне на беларускай зямлі ад аварыі (аварыяў?) на ЧАЭС, якое — ад Столінскага палігону. Немагчыма гэта зрабіць пры прарасейскім рэжыме і ўладзе беларусафобаў. Але існуюць неабвержныя факты дачарнобыльскага радыяцыйнага забруджваньня тэрыторыі Беларусі і яны будуць дасьледаваныя, як і факты злачыннага замоўчваньня вынікаў адмоўных наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Не сумняваюся, што створыцца адмысловая камісія з навукоўцаў, юрыстаў, медыкаў і адбудуцца неабходныя дасьледваньні, экспэртызы, будуць паказаныя, і даказаныя злачынныя вынікі акупацыйнай палітыкі Расеі на Беларусі. Гэта будзе, будзе пры беларускай уладзе.

Юрка Цехановіч.

1. “How we made the Chernobyl rain” By Richard Gray, Sunday Telegraph 23/04/2007 (“Как мы вызвали чернобыльский дождь” (Ричард Грэй)

2. “Белорусские новости” Осаждались ли “чернобыльские” облака на Беларусь? 23.04.2007

3. “Наша Ніва” 23.04.2007.