“А ПРАФЭСУРКА КПІЦЬ”...

15 студзеня 2008 г. Швэдская газэта “Svenska Dagbladet” публікуе артыкул прафэсара Андэрса Б'ёрнсана. Артыкул цікавы. Аўтар нагадвае пра набліжэньне двух круглых юбілеяў. А менавіта 300-годдзя Палтаўскай бітвы (1709) і 200-годдзя заваёвы расейцамі Фінляндыі, якая была пад уладай Швэцыі (1809). Паразы айчыны прафэсар ўспрымае “с глубокім удовлетвореніем”. Добра, маўляў, што Расея забрала ў нас Фінляндыю, гэта дапамагло нам пазьбегнуць міжнацыянальных канфліктаў у будучыні. Добра, што мы прайгралі Палтаўскую бітву: Швэцыя перастала ўдзельнічаць у агульнаэўрапейскіх справах і такім чынам пазьбегнула трох вялікіх войнаў у ХІХ-ХХ стагоддзях. Прафэсар пасьмейваецца з эпізода 1863 года. Тады расейскі цар Аляксандр ІІ зрабіў нейкую антышвэдскую заяву. Палітычныя эліты Швэцыі адрэагавалі імгненна, пачалася мабілізацыя паспалітага рушэньня, паўсюль адбываліся мітынгі і народныя сходы, на якіх швэды заяўлялі пра гатоўнасьць бараніць сваю краіну (гэта аўтар камэнтуе з крывой усьмешачкай і вельмі іранічна). Далей прафэсар разважае пра посьпехі дарэвалюцыйнай Расеі і цара Аляксандра ІІ у сацыяльнай і эканамічнай сфэрах. І неяк непрыкметна падводзіць чытача да тэмы сёньняшняга дня. Паўтарае хваткі прыём, якім карыстаюцца апошнім часам у Маскве: параўноўвае Пуціна з царом-рэфарматарам. Больш таго, дае выразную фармулёўку расейскай цяпершчыны: “У нашыя дні Расея імкліва мадэрнізуецца ў эканамічнай і палітычнай сфэрах. Моцная пазыцыя Пуціна ня можа быць растлумачана як вынік рэпрэсіяў або маніпуляцыяў”. Далей ён згадвае пра вялікае, на яго думку, багацьце расейскага мастацтва і літаратуры.

Наш камэнтар: Зразумела, што пафас прафэсарскага артыкулу прысьвечаны закліку да швэдаў “зразумець Расею” і імкнуцца пакахаць яе. Банальны факт: на Захадзе існуе разгалінаваная прафэсарская структура, аплочаная Масквой. Інтэлектуальныя лобі прафэсійна пахваляць маскоўскі райх, пасьмяюцца з даўніх паразаў сваіх айчынаў, растлумачаць новыя нюансы “арыгінальнай расейскай дэмакратыі” і “таямнічай рускай душы”. Час іх не зьмяняе, яны будуць існаваць роўна столькі, колькі будзе існаваць сам лубянскі райх.

Дзейнасьць гэтай лібэральнай публікі, аднак, не такая ўжо і бяскрыўдная. Ім удалося ўжо даўно ўсталяваць у Швэцыі і шэрагу іншых краінаў гнілую атмасфэру гэданізму і інфантыльнай расслабленасьці. Калі савецкія падлодкі нахабна залазілі ў акваторыю швэдскіх вайсковых базаў, дзяжурныя швэдскія афіцэры разглядалі ў перыскопы аголеных паненак на пляжы. Пасьля разгрому 1809 года Швэцыя на працягу 120 гадоў існавала як адсталая эўрапейская ўскраіна. Мільёны швэдаў уцякалі ад галечы ў Амэрыку і Аўстралію. Наагул, Швэцыя ацалела толькі дзякуючы таму, што ад расейскай імпэрыі яе аддзяляла радзіма мужнага і змагарнага фінскага народу. Цяпер Швэцыя ва ўладзе стракатых прыхадняў з трэцяга сьвету. “Швэдскі сацыялізм” вядзе краіну па шляху эканамічнага і сацыяльнага маразму. А прафэсурка кпіць з патрыятычнага ўздыму 1863 года...

Юрка Марозаў