ЛІСТ АБ АГУЛЬНАЙ БЕЛАРУСКАЙ СПРАВЕ

Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая — хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць — чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.

Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў.

Рэжым Лукашэнкі ёсьць тыповы аўтарытарны рэжым, па характару і па сістэме ўлады. Адначасна гэта ёсьць рэжым выключны, русіфікатарскі, непадобны ні на які іншы, бо праводзіць вынішчальную, тыпова акупацыйную палітыку супраць свайго народу і па характару зьяўляецца антыбеларускім. Гэта ўнутраны акупацыйны рэжым.

Ягоная ўлада была ўсталяваная шляхам унутранай акупацыі — захопу беларускай ўлады спэцслужбамі Расеі з выкарыстаньнем дэмакратычнай сістэмы выбараў і сваіх крэатураў.

Палітычная мэта гэтага, залежнага ад Масквы рэжыму — ліквідаваць Беларускую дзяржаву і вынішчыць Беларускую нацыю, уключыць тэрыторыю Беларусі ў склад Расеі.

Гэтых мэтаў Крэмль нават не хавае, гаворыць адкрыта і грунтуецца на палітыцы імпэрыялізму, якую Расея праводзіць супраць Беларусі вось ужо больш за дзьвесьце гадоў. Супярэчнасьці і канфлікты, якія ўзьнікаюць паміж Масквой і Лукашэнкам, маюць унутраны характар у межах адной сфэры палітыкі (КГБ) і групавых дачыненьняў. Рэальны сэнс спрэчак паміж Лукашэнкам і Масквой абумоўлены не беларускімі дзяржаўнымі інтарэсамі, а зыходзіць з задачы захаваць і павялічыць сваю уладу.

Палітыку агрэсіі, захопу і вынішчэньня Беларусі Расея праводзіла і будзе праводзіць увесь час, пакуль застаецца існаваць структура і палітыка каляніяльнай імпэрыі. Расейская імпэрская палітыка ёсьць пастаянны, безаглядны і натуральны вораг Беларускай незалежнасьці.

З аналізу гэтай сытуацыі беларусы мусяць зразумець, што ў нас няма іншага выбару, акрамя як ўсеагульнае змаганьне з Масквой за сваё дзяржаўнае існаваньне. Гэтага нельга пазьбегнуць. Усе іншыя шляхі, акрамя барацьбы з расейскай агрэсіўнай палітыкай (і з антыбеларускім рэжымам як увасабленьнем гэтай палітыкі) вядуць у небыцьцё. Альбо нацыя будзе змагацца супраць пэрманэнтнага наступу Масквы, альбо згіне.

Мэта беларускага змаганьня (ў становішчы, якое існуе) вымагае найперш салідарнасьці і кансалідацыі нацыянальных сілаў. Кансалідацыя народу можа і павінна быць на аснове агульных каштоўнасьцяў і нацыянальных інтарэсаў. Такімі каштоўнасьцямі перад агульнай пагрозай з усходу ёсьць Беларуская нацыянальная ідэя, нацыянальная дзяржава, свабода і дзяржаўная незалежнасьць.

Нашыя нацыянальныя інтарэсы абавязваюць нас абараніць беларускую культуру, беларускую мову, беларускую народную ўласнасьць, тэрыторыю і дзяржаўнасьць, правы і свабоду беларускага грамадзяніна і чалавека.

Уздым цяперашняй беларускай народнай кансалідацыі мусіць пачынацца з першачарговага дзеяньня — з падняцьця ў гару відомых знакаў нацыі, з сымвалаў, адэкватных зьместу і сутнасьці змагарнай справы.

Такімі знакамі-сымваламі вольнай, дзяржаўнай і дэмакратычнай Беларусі ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

Памятайма, што сымволіка ёсьць фармальны адпаведнік сутнасьці. Усё, што выступае пад іншай сымволікай, мае іншы зьмест. Антыбеларускі, антыдэмакратычны рэжым Лукашэнкі і акупацыйная, прамаскоўская палітыка рэжыму пачалася са зьмены сымволікі, з фальсіфікацыі гэтай зьмены і са зьнявагі нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга Рэспублікі Беларусь.

Уся наступная палітыка і дзеяньні прамаскоўскага рэжыму на Беларусі адпавядалі сымволіцы гэтых дзеяньняў — савецкаму, прыдуманаму ў Маскве чырвона-зялёнаму сьцягу з вывернутым арнаментам сьмерці і чужароднаму, правінцыйнаму “гэрбу” савецкай пары.

На цяперашні час у Беларусі вызначаюцца тры накірункі грамадзкай актыўнасьці: гэта (традыцыйна) гуманітарная і творчая інтэлігенцыя (нацыянальна-культурная дзейнасьць), беларуская навучэнская моладзь (патрыятычная і пратэстная дзейнасьць) і дробнапрадпрыймальніцкая грамада людзей (эканамічны пратэст), якіх (з палітычных меркаваньняў) пастаянна душыць рэжым, не даючы разьвівацца беларускаму эканамічнаму класу.

Трэба асабліва адзначыць, што жорсткія рэпрэсіі, якія чыняцца супраць гэтых катэгорыяў беларусаў, неадэкватныя па сутнасьці падзеяў, не заснаваныя на праве і законнасьці, і, зноў жа, — маюць тыпова акупацыйны характар абыходжаньня з насельніцтвам. (Поўная і дэманстратыўная непавага да асобы чалавека і да права, цынізм, зьдзек, беспрычыннае і жорсткае зьбіваньне, адносіны, як да жывёлы, беспрэцэдэнтная і бессаромная прафанацыя судовых працэсаў.)

Падзеі сьведчаць, што прадпрыймальніцкая грамада ступіла на шлях пратэсту ў абароне сваіх правоў. Сутыкненьне гэтай грамады людзей з рэжымам паказвае, што альбо яна стане палітызавацца і ператворыцца ў грамадзкую сілу, альбо акупацыйны рэжым яе яе проста растопча. Калі працэс палітызацыі ўсё ж пойдзе, то, магчыма, гэтыя людзі скарыстаюць вопыт Народнага Фронту па стварэньні сваёй аховы мітынгаў, ахоўнай дружыны, тактыку разгону АМАПу і г.д. (Вулічныя акцыі “падстаўной апазыцыі”, тым часам, мелі ў сабе задумку прафанацыі пратэстнага руху. Чаго яны дасягнулі, дык гэта поўнай дэградацыі і безвыніковасьці вулічнага змаганьня.)

Нацыю гуртуе мінулае і кансалідуе будучыня (дакладней — ідэя будучыні). У змаганьні з прамаскоўскім рэжымам людзі мусяць здаваць сабе справу, дзеля чаго яны змагаюцца. Бачаньне пэрспэктывы сістэматызуе рух і адчыняе магчымасьць перамогі.

Беларусь павінна быць вольнай, заможнай, вялікай, незалежнай і дэмакратычнай. Свабодны народ адродзіць сваю мову, культуру, эканоміку і беларускую цывілізацыю. Кожная беларуская палітычная сіла, якая будзе мець уладу, атрымае магчымасьць прапанаваць канкрэтныя спосабы і шляхі для дасягненьня гэтых мэтаў. Але дзяржава, мова, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня, воля, незалежнасьць, беларуская культура, Зямля, нацыянальныя інтарэсы ў сьвеце — ўсё гэта павінна быць агульным, сьвятым для ўсіх. І толькі тады народзяцца ўмовы для сапраўднага адраджэньня Беларусі, для вяртаньня нашай Эўропы, якая была і ёсьць тут, ў нашай культуры і ў нашай крыві, і будзе ізноў.

20 студзеня 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК