УЧОРА, 29.01.2008 Г. У КАНАДЗЕ, НА 83-М ГАДУ ЖЫЦЦЯ АДЫШОЎ У ЛЕПШЫ СВЕТ КАСТУСЬ АКУЛА

Учора, 29.01.2008 г. у Канадзе, на 83-м гаду жыцця адышоў у лепшы свет Кастусь Акула

Кастусь Акула (Аляксандр Ігнатавіч Качан) — вядомы грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі, таленавіты празаік, паэт, драматург.

Нарадзіўся ў 1925 г. у вёсцы Верацеі Вілейскага павета (цяпер Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.). У 1943 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1944 — у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны (БКА). Ваяваў у Другім польскім корпусе генерала Андэрса 8-й Брытанскай арміі, якая знаходзілася ў Італіі, удзельнічаў у славутай бітве пры Монтэ-Касіна, быў узнагароджаны медалём “За вайну”, “Залатой Зоркай Італіі”. Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію. Пасля вайсковай службы прыехаў у Англію, а ў чэрвені 1947 г. іміграваў у Канаду.

Кастусь Акула з'яўляўся адным з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары. Грамадскай працай пачаў займацца яшчэ ў Нямеччыне, працаваў у беларускай газеце “Бацькаўшчына” (Мюнхен). Там жа пачаў пісаць і друкавацца ў розных беларускіх эмігранцкіх выданнях. У Канадзе шмат часу аддаваў арганізацыі беларускіх суполак, заснаванню царквы ў Таронта, працы ў нядзельных школках, рэдагаванню часопіса “Зважай”, супрацоўніцтву з беларусамі ЗША. К. Акула быў адным з арганізатараў Згуртавання беларусаў Канады і яго першым старшынёй. Наладжваў выпуск штомесячнай газеты “Беларускі эмігрант”.

У Беларусі і на эміграцыі Кастусь Акула вядомы сваімі празаічнымі творамі — раманамі “Змагарныя дарогі”, “За волю”, трылогіяй “Гараватка”. К. Акула (адзіны з беларускіх пісьменнікаў замежжа) напісаў раман на англійскай мове “Заўтра — гэта ўчора” (“Tomorrow is yesterday”, 1968) пра лёс беларусаў і Беларусі ваеннай і паваеннай пары. Раман зараз рыхтуецца да выдання ў перакладзе на беларускую мову Ірыны Варабей у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчына”.

Усё жыццё Кастуся Акулы было прасякнутае любоўю да Беларусі. Ён марыў бачыць сваю Радзіму вольнай, незалежнай краінай і шмат зрабіў для гэтага.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” смуткуе з нагоды смерці вядомага дзеяча беларускай эміграцыі, чыё ахвярнае жыццё на карысць Беларусі ёсць узорам для беларусаў у замежжы і на Радзіме. Выказваем шчырыя спачуванні родным, блізкім і паплечнікам сп. Кастуся.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”