ФАРС У ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ

5 лютага ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь была разгледжана грамадзянская справа па позве Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, якая патрабавала адмены пісьмовага папярэджаньня, вынесенага Партыі Міністэрствам юстыцыі ў сьнежні 2007 г. Мінюст абвінаваціў Партыю ў “паклёпе на палітыку Расеі, на расейскую гісторыю” і ў “зьнявазе грамадзянаў расейскай нацыянальнасьці”.

Працэс разгарнуўся паводле правілаў тэатра абсурду і быў распачаты з грубых працэсуальных парушэньняў. Суддзя В. Самалюк неабгрунтавана адмовіў прадстаўніку Партыі ў магчымасьці запрасіць на працэс адваката. Затое ў зале суда ўвесь час знаходзілася прадстаўніца пракуратуры з маёрскімі пагонамі. Яна ўмешвалася ў спрэчкі і відавочна выступала на баку прадстаўніка Мінюста. А гэтаму прадстаўніку — тав. Печкурову (нач. аддзела Мінюста па сувязях з грамадзкімі арганізацыямі) — сапраўды рэгулярна патрабавалася актыўная (і незаконная) падтрымка з боку пракуроршы. Малады чалавек прадэманстраваў на працэсе сваю поўную прафэсійную некампетэнтнасьць як юрыст і вельмі шчыра прызнаўся ў гэтым, штораз паўтараючы на пытаньні прадстаўніка Партыі: “Я гэта ня ведаю, я на гэта не ўпаўнаважаны...”

Прадстаўнік Партыі сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, задаваў пытаньні проста і зразумела, па сутнасьці справы. А менавіта: чаму мінюст РБ бароніць палітыку і гісторыю чужой краіны — Расеі, у чым заключаецца “паклёп” і “зьнявага”, а таксама, хто зьяўляецца суб'ектам (адрасатам) гэтага “паклёпу” і “зьнявагі”? На гэтыя пытаньні разгублены тав. Печкуроў зь Мінюста адмовіўся адказваць, кажучы, што гэта “не яго кампетэнцыя”. Тады сп. Папкоў запатрабаваў запрасіць у суд камісію экспертаў, якія б правялі экспертызу тэксту дакуманта Партыі пад назовам “Асіміляцыя — злачынства супраць чалавецтва”. Пасьля чарговага ўмяшальніцтва пракуроршы суддзя заявіў, што ў стварэньні і запрашэньні такой камісіі “няма патрэбы”.

Урэшце сп. Папкоў зьвярнуў увагу суда на шэраг цытатаў з дакуманта “Асіміляцыя...”, устаўленых у тэкст ліста Мінюста, накіраванага Партыі. Ніводная з прыведзеных цытатаў (як і ў цэлым тэкст дакуманта “Асіміляцыя...”) ня ўтрымліваў паклёпу на гісторыю Расеі і ў ім нават ня згадваліся “расейскія грамадзяне” і “грамадзяне небеларускай нацыянальнасьці” (у зьнявазе якіх абвінавачваецца Партыя). Больш таго, адна з “цытатаў” была груба сфальсіфікавана Мінюстам і ўяўляе сабой падлог (такой цытаты не існуе ў тэксьце ліста). Суд не зьвярнуў увагі і на гэты факт. Тав. Печкуроў зачытаў заранёў напісаны выступ, у якім гаварылася пра “павагу і роўныя правы ўсіх нацыянальнасьцяў у нашай Рэспубліцы”, пра “свабоду выбару мовы ў Беларусі” — і ўсяму гэтаму, маўляў, замінае і пярэчыць КХП-БНФ.

Сп. Сяргей Папкоў у сваіх выступах выклаў шэраг фактаў антыбеларускай практыкі асіміляцыі і русіфікацыі беларусаў на Беларусі: ліквідацыя беларускага школьніцтва, фальсіфікацыя нашай нацыянальнай гісторыі і штучная дэградацыя культуры грамадзтва. Гэта ёсьць афіцыйная палітыка кіраўніцтва Расеі і прамаскоўскага рэжыму на Беларусі. Расейскія палітыкі вышэйшага ўзроўню, палітолагі і крамлёўскія аналітыкі ня крыюцца, заяўляюць публічна (суду былі прадстаўлены вытрымкі такіх выказваньняў у СМІ), што мэтай гэтай палітыкі зьяўляецца ўключэньне Беларусі ў Расею “шасьцю губернямі”, русіфікацыя і размываньне насельніцтва Беларусі, выкарыстаньне беларускіх матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў на карысьць Расеі. Гэта ёсьць агрэсіўная антыбеларуская палітыка. Такой ёсьць рэчаіснасьць беларускага жыцьця. Такія факты не зьяўляюцца “тэндэнцыйнымі заявамі”, “паклёпам” і “зьнявагай” з боку Партыі, як гэта сьцьвярджае Мінюст.

Рэагуючы на пытаньні сп. Папкова, тав. Печкуроў блытаўся і віляў. Знаёмыя паводзіны прадстаўнікоў рэжыму. Раней так паводзілі сябе на судах (ды й цяпер так паводзяць) падстаўныя сьведкі. Але гэта з большага пастарунковыя міліцэйскія сяржанты. Такую ж манеру і традыцыю працягнуў на судзе загадчык аддзелу зь Міністэрства юстыцыі.

Падчас працэсу станавілася ўсё больш зразумелым, што наладжанае “судовішча” ў зале суда ёсьць нічым іншым як заранёў падрыхтаваным шоў, якое ня мае нічога агульнага з законам і правам. Заранёў было таксама падрыхтавана і судовае рашэньне. 6-га лютага Вярхоўны суд адмовіўся задаволіць заяву Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ на абскарджаньне незаконнага папярэджаньня з боку Мінюста.

Якая выразная карцінка рэжыму! Міністэрства і Вярхоўны суд адкрыта праводзяць антыбеларускую палітыку чужой дзяржавы — Расеі, удзельнічаюць у непрыкрытай інсінуацыі і фалсіфікацыі супраць законнасьці і адраджэнскай Партыі Беларусі.

Нягледзячы на судовую сваволю і акупацыйную палітыку рэжыму, Партыя будзе працягваць сваю дзейнасьць ў абарону незалежнай Беларускай дзяржавы, нашай вялікай беларускай культуры і мовы.

Янка Базыль